Пошук

Vatican News
Папа падчас Імшы ў касцёле Нямецкага калегіума Папа падчас Імшы ў касцёле Нямецкага калегіума  (AFP or licensors)

Францішак: надзея на вечнасць прыцягвае і да сэнс жыццю

Няхай Пан дасць нам усім дар надзеі, які надае сэнс жыццю, - сказаў Папа падчас св. Імшы ва Успамін усіх памерлых вернікаў, якую цэлебраваў у касцёле Нямецкага калегіума, побач з Тэўтонскімі могілкамі ў Ватыкане.

У імправізаванай гаміліі Святы Айцец звярнуўся да першага чытання Літургіі слова, узятага з Кнігі Ёва (19, 1. 23-27а), пра надзею спакутаванага і ледзь жывога прарока. Разгромлены і нават знясілены ў сваім фізічным існаванні, у хваробе, ён мае адну ўпэўненасць: “Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам”.

“Такая ўпэўненасць у канцы жыцця – гэта хрысціянская надзея, якая з’яўляецца дарам, мы не можам яго мець, мы павінны прасіць гэтага ў Пана”

, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што, нягледзячы на шмат акалічнасцей, якія прымушаюць нас адчайвацца і думаць пра канчатковую паразу, голас Ёва вяртаецца: “Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам”.

Пантыфік працытаваў словы св. Паўла: “а надзея не асароміць” (Рым 5, 5). Надзея прыцягвае і да сэнс жыццю, але надзея – гэта Божы дар, які вядзе нас да вечнай радасці. Гэта якар, які мы маем з іншага боку, трымаючыся за вяроўку.

“Сёння ўспамінаем многіх братоў і сясцёр, якія памерлі, нам варта паглядзець на могілкі і паглядзець у неба, паўтараючы, як Ёў: “Адкупіцель мой жыве”. Вачыма свайго цела я ўбачу Бога ў іншым свеце. Гэта тая сіла, якую дае нам надзея, гэты бязвыплатны дар – годнасць надзеі. Няхай Пан нам усім яе падорыць”

, - сказаў Францішак напрыканцы гаміліі.

Пасля цэлебрацыі Эўхарыстыі Святы Айцец памаліўся на Тэўтонскіх могілках, а потым адправіўся ў некропаль пад базылікай св. Пятра і маліўся ля магіл сваіх папярэднікаў.

У мінулыя гады ў Дзень Задушны Францішак заўсёды адпраўляўся на адзін з некропалей за межамі Ватыкана. Ён быў у Катакомбах Прысцылы, на рымскіх Лаўрэнтынскіх могілках, на амерыканскіх вайсковых могілках у Нэтуна і ў Ардэатынскіх пячорах на ўскраіне Рыма, маліўся на тэрыторыі рымскага Чымітэра-Прыма-Порта, а ў першыя тры гады свайго пантыфікату наведваў рымскія манументальныя могілкі Кампа-Верана. Сёлета гэтаму перашкодзіла пандэмія каронавіруса.
 

03 лістапада 2020, 11:21