Пошук

Vatican News
Фрагмент старонкі "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры Фрагмент старонкі "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры 

Францішак: Дантэ – прарок надзеі, блізкі сучаснаму чалавеку

Папа прыняў дэлегацыю архідыяцэзіі Равэна-Чэрвія. Аўдыенцыя прайшла 10 кастрычніка 2020 г. і была прымеркавана да адкрыцця святочных мерапрыемстваў з нагоды 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры.

Равэна стала для Дантэ “апошнім прытулкам”, - нагадаў Пантыфік. Менавіта ў гэтым горадзе паэт правёў апошнія гады жыцця; згодна з традыцыяй там ён ствараў апошнія песні “Раю”. Таксама ў Равэне завяршылася выгнанне Дантэ, якое моцна пазначыла яго жыццё і стала крыніцай натхнення ў яго творчасці.

Паводле Святога Айца, як выгнанне ізраільскага народа ў Бабілён з’яўляецца адной з “матрыц” біблійнага адкрыцця, так і для Дантэ гэты досвед быў настолькі значным, што з’яўляецца ключом для інтэрпрэтацыі не толькі яго жыцця, але “падарожжа” кожнага чалавека ў гісторыі і за яе межамі.

Пантыфік заўважыў, што Дантэ памёр у свята Узвышэння Святога Крыжа, а ў 1965 г. св. Павел VI падарыў Равэне залаты крыж для яго магілы. У рамках сёлетняга юбілею гэты “знак рэлігіі і надзеі” будзе ўстаноўлены на месцы, дзе захоўваюцца смяротныя парэшткі паэта, каб заклікаць да “надзеі, якой Дантэ быў прарокам”.

“Няхай святкаванне 700-годдзя з дня смерці вялікага паэта заахвоціць нас вярнуцца да яго “Камедыі”, каб, усвядоміўшы наш стан выгнаннікаў, мы вырашылі паўстаць на шлях навяртання “ад хаоса да мудрасці, ад граху да святасці, ад нястачы да шчасця, ад жудаснага сузірання пекла да благаслаўлёнага сузірання раю”.

Дантэ яшчэ раз запрашае нас нанова адкрыць згублены ці затуманены сэнс нашага чалавечага пілігрымавання”, - сцвердзіў Папа.

Часам можа здавацца, што “гэтыя сем стагоддзя стварылі непераадольную адлегласць паміж намі, людзьмі постмадэрнісцкай і секулярызаванай эпохі, і ім, выбітным прадстаўніком залатога веку еўрапейскай цывілізацыі”. Але гэта не так, - сказаў Папа.

Напрыклад, сучасныя падлеткі, дакранаючыся да паэзіі Дантэ даступнымі для яе спосабамі, могуць заўважыць “надзвычайнае сугучча”, асабліва там, дзе алегорыя саступае месца сімвалу, дзе чалавек праяўляецца ва ўсёй сваёй сутнасці, дзе яшчэ мацней пульсуе грамадзянская адказнасць, дзе прывабнасць праўды, прыгажосці, дабра і Бога, становяцца асабліва прыцягальнымі, - зазначыў Святы Айцец.

Папа заклікаў узбагачацца досведам Дантэ Аліг’еры, каб прайсці праз шматлікія цёмныя нетры нашай зямлі і шчасліва завяршыць наша пілігрымаванне ў гісторыі, дасягнуўшы мэты, якой чакае і прагне кожны чалавек: “Любові, што рухае сонцам і зоркамі”.
 

10 кастрычніка 2020, 12:51