Пошук

Vatican News
Бл. Карла Акуціс Бл. Карла Акуціс  (ANSA)

Святы Айцец: бл. Карла Акуціс – прыклад для сучаснай моладзі

Папа нагадаў, што 10 кастрычніка 2020 г. у Асізі адбылася беатыфікацыя Карла Акуціса – апостала Эўхарыстыі і нябеснага апекуна евангелізацыі ў інтэрнэце, памерлага ў 15-гадовым узросце ў 2006 г.

“Ён не задавальняўся зручнай бядзейнасцю, але зразумеў патрэбы свайго часу, распазнаючы ў самых слабых аблічча Хрыста. Няхай яго хрысціянскае сведчанне пакажа сучаснай моладзі, што сапраўднае шчасце можна знайсці паставіўшы на першае месца Бога і служачы Яму ў бліжніх, асабліва самых апошніх”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве "Анёл Панскі", якая 11 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Карла Акуціс быў звычайным хлопцам, які хадзіў у школу і гуляў з сябрамі, але ў той жа час меў глыбокую любоў да сакрамэнту Эўхарыстыі. Першую св. Камунію ён атрымаў ва ўзросце сямі гадоў, што з’яўляецца выключэннем для Італіі. Для гэтага быў атрыманы спецыяльны дазвол ад мясцовых касцёльных уладаў. З таго моманту штодзённае прыняцце св. Камуніі было неад’емнай часткай яго жыцця.

Новаму благаслаўлёнаму пастаянна спадарожнічала ружанцовая малітва. Юнак казаў: “Ружанец – самая кароткая лесвіца да неба”. У 14-гадовым узросце ён вырашыў стаць катэхетам і рыхтаваў сваіх аднагодак да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі.

Карла Акуціс захапляўся інфарматыкай і шырока сведчыў аб любові да Эўхарыстыі ў інтэрнэце. Ён стварыў міжнародную анлайн-выставу, прысвечаную, эўхарыстычным цудам, прызнаным Касцёлам. Любоў да Эўхарыстыі пераўтваралася ў ім ў канкрэтныя ўчынкі на карысць бедных і бяздомных, якія жылі ў яго раёне. Хлопец адносіў ім ежу і аддаваў грошы, якія атрымліваў на кішэнныя выдаткі.

“Эўхарыстыя – гэта мая аўтастрада да неба”, - казаў Карла Акуціс. Яшчэ адзін з яго славутых выразаў: “Усе нараджаюцца арыгіналамі, але многія паміраюць ксеракопіямі”.

Карла Акуціс адышоў у вечнасць 12 кастрычніка 2006 г. На працягу апошніх гадоў жыцця ён змагаўся з крайне агрэсіўнай формай лейкеміі, ахвяруючы пакуты ў інтэнцыі Святога Айца і Касцёла. У памяці вернікаў ён застанецца чалавекам, які быў апосталам ва ўсіх сферах жыцця: у сям’і, школе, спорце, адпачынку, вандроўках і гульнях. Новы благаслаўлёны – сапраўдны сведак праўдзівасці прыпавесці пра вінаградную лазу: ён заўсёды сілкаваўся жыватворнымі сокамі Пана, каб прыносіць багатыя плёны.
 

11 кастрычніка 2020, 13:35