Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец пра “экалагічную журналістыку”

Сёння экалагічная тэматыка ў СМІ становіцца ўсё больш неабходнай і актуальнай, - лічыць Пантыфік. Знішчэнне біяразнастайнасці – гэта прыкметы небяспекі, якую трэба аналізаваць і даследаваць.

Такую думку Францішак агучыў у кароткім пасланні да калектыву новага італьянскага выдання Green and Blue (Зялёны і Блакітны), якое будзе выходзіць у інтэрнэце і ў якасці дадатку да папулярных нацыянальных і рэгіянальных друкаваных медыя.

Новая газета прапануе інфармацыю, апытанні, інтэрв’ю, аналітычныя артыкулы на тэму абароны навакольнага асяроддзя і звязаных з гэтым эканамічных і прамысловых аспектаў.

Папа заклікаў спецыялістаў у сферы інфармацыі “растлумачыць і падкрэсліць сувязь паміж чалавечым лёсам і прыродным асяроддзем”. Ад журналістаў ён чакае ўкладу ў павышэнне матываванасці грамадзян, палітычных, эканамічных і грамадскіх лідараў у праблемах “экалагічнага навяртання”.

Папа разлічвае на “якасную журналістыку, якая паважае годнасць людзей, пачынаючы з тых, хто пакутуе больш за ўсё”, пашырае “новыя спосабы разумення эканомікі і прагрэсу, барацьбу з сацыяльным адчужэннем, прапаноўваючы мадэлі суіснавання, заснаваныя на альтруізме і аднаўленні сувязі з прыродным асяроддзем пражывання”, прапануе “абноўленыя мадэлі чалавечага, эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця”.

Раўнапраўны і ўстойлівы лад жыцця, ахова навакольнага асяроддзя, дастатковая колькасць ежы і вады для ўсіх, “з’яўляюцца асновай для пабудовы здаровай і квітнеючай будучыні на карысць салідарнасці з усім чалавецтвам”

, - падкрэсліў Францішак.

У кантэксце пандэміі COVID-19, ён заўважыў, што “вірус не спыняюць бар’еры і межы ці культурныя і палітычныя розніцы”; ён “разбурае нашу ўпэўненасць і чаканні, раскрывае і падкрэслівае сур’ёзныя праблемы, якія існавалі раней”.

Аднак мы не павінны змірыцца, бо ёсць магчымасць выйсці з крызісу лепшымі, “шукаючы сапраўднага агульнага дабра на шляху салідарнасці”. І наадварот, “калі мы будзем працягваць шукаць рашэнні з адбіткам эгаізму і імкнення да ўлады – усё пагоршыцца”, - папярэдзіў Францішак. “Толькі разам мы можам па-сапраўднаму пераадолець планетарную драму”, - заключыў ён.
 

03 кастрычніка 2020, 11:42