Пошук

Vatican News

Папа: Езус падарыў нам сваю малітву – дыялог любові з Айцом

У хвіліны стомленасці і спустошанасці трэба маліцца як Езус да Айца. Ён – не далёкі Бог. Таямніца Уцелаўлення дэманструе, што Ён не можа быць такім, - падкрэсліў Францішак.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 28 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане, Пантыфік засяродзіў увагу на малітве Езуса. Ён нагадаў, што Хрыстус пачаў сваю публічную дзейнасць з хросту ў Ярдане. Евангелісты надаюць гэтай падзеі фундаментальнае значэнне, выразна падкрэсліваючы яе пакаянны характар.

Такім чынам, першым публічным учынкам Езуса быў удзел у супольнай пакаяннай малітве народа, дзе ўсе прызнавалі сябе грэшнікамі. Ян Хрысціцель пратэставаў супраць гэтага, кажучы: “Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?”, але Езус настойваў: Яго ўчынак быў актам паслухмянасці волі Айца, учынкам салідарнасці з нашым чалавечым станам, - заўважыў Папа.

“Ён не заставаўся на супрацьлеглым беразе ракі – маўляў “Я – праведны, а вы – грэшнікі”, – каб абазначыць сваю адметнасць і адлегласць ад непаслухмянага народа, але пагрузіў свае ногі ў тыя ж ачышчальныя воды. Ён стаў як грэшнік. У гэтым веліч Бога, які паслаў свайго Сына, выракся сябе і аб’явіўся як грэшнік”, - сказаў Пантыфік, працягваючы цыкл катэхез аб малітве.

Езус – не далёкі Бог. Таямніца Уцелаўлення дэманструе, што Ён не можа быць такім. Пачынаючы сваю місію, Хрыстус стаў наперадзе чаргі, якая складалася з людзей, што каяліся, нібыта беручы на сябе абавязак раскрыць шчыліну, праз якую ўсе мы, следам за Ім, павінны з адвагай прайсці.

“У той дзень на беразе ракі Ярдан было ўсё чалавецтва з яго нявыказанымі малітоўнымі прагненнямі. У першую чаргу, там быў грэшны народ: людзі, якія думалі, што Бог не можа любіць іх, якія не асмельваліся перакрочыць праз парог святыні, якія не маліліся, бо не адчувалі сябе годнымі. Езус прыйшоў да ўсіх, таксама да іх, і пачаў менавіта са з’яднання з імі”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што хрост Езуса адбыўся ў атмасферы малітвы: “Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба” (3,21). Молячыся, Езус адкрыў нябесную браму, праз якую сыйшоў Дух Святы, а голас звышыні абвясціў цудоўную праўду: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (3,22). “Гэтыя простыя словы маюць у сабе велізарны скарб: яны дапамагаюць нам адчуць нешта з таямніцы Езуса і Яго сэрца, заўсёды скіраванага да Айца”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на тое, што малітва Езуса на беразе ракі Ярдан была глыбока асабістай – і так будзе на працягу ўсяго Яго зямнога жыцця, – але ў Пяцідзясятніцу яна, праз ласку, стане малітвай усіх ахрышчаных у Хрысце. “Ён здабыў для нас гэты дар і запрашае нас маліцца так, як маліўся Ён”, - сказаў Папа.

“Калі нейкім вечарам на малітве мы адчуем сябе стомленымі і спустошанымі, калі жыццё будзе здавацца бессэнсоўным, тады мы павінны прасіць, каб малітва Езуса стала таксама нашай малітвай”

, - рэкамендаваў Францішак.

Ён запэўніў, што менавіта дзякуючы такой даверлівай малітве, кожны чалавек, нават найгоршы грэшнік, можа пачуць голас Нябеснага Айца, які будзе шаптаць ласкавыя словы: “Ты – умілаваны Бога, ты – сын, ты – радасць нябеснага Айца”.

“Езус увайшоў у воды Ярдану не дзеля самога сябе, але дзеля ўсіх нас (…) Ён раскрыў нябёсы, як Майсей раскрыў воды Чырвонага мора, каб усе мы маглі перайсці за Ім. Езус падарыў нам сваю малітву, якая з’яўляецца поўным любові дыялогам з Айцом. Ён падарыў яе нам як зерне Тройцы, якое прагне ўкараніцца ў нашым сэрцы. Прымем жа яго!”, - заклікаў на заканчэнне катэхезы Францішак.
 

28 кастрычніка 2020, 11:10