Пошук

Vatican News
Папа Францішак і арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала Папа Францішак і арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала 

Пантыфік уручыў палій новаму Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма

Францішак уручыў палій новапрызначанаму Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма, арцыбіскупу П’ербатысце Піцабалу. Гэта адбылося 28 кастрычніка 2020 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

Цырымоніі папярэднічала супольная малітва Папы і Патрыярха. У ёй браў удзел падсакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, мансеньёр Флавіа Пачэ, прадстаўнікі Іерусалімскага Патрыярхату і Ордэна Меншых Братоў, да якога належыць арцыбіскуп Піцабала.

У спецыяльным лісце да вернікаў новы Патрыярх заўважыў, што палій нагадвае пра гатоўнасць кожнага ахрышчанага “ўзяць на сябе цяжар Хрыста, цяжар хвалы і крыжа, які з’яўляецца любоўю да самай смерці”.

Іерарх нагадаў пра шматлікія выклікі, перад якімі стаіць Касцёл у Святой Зямлі, сярод якіх: недальнабачныя палітычныя дзеянні, сацыяльныя падзелы, эканоміка, якая асуджае многіх на беднасць, а таксама пандэмія, якая змяніла звычайны лад жыцця. Акрамя таго, арцыбіскуп звярнуў увагу на цяжкасці каталіцкай супольнасці ў рэгіёне, асабліва ў яе адукацыйнай дзейнасці.

55-гадовы арцыбіскуп Піцабала быў прызначаны Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма 26 кастрычніка 2020 г. Італьянскі францішканін працуе ў Святой Зямлі з 1999 г. З 2004 па 2016 гг. быў Кусташам Святой Зямлі і ахоўнікам гары Сіён, а з 2016 па 2020 гг. – Апостальскім адміністратарам Іерусалімскай дыяцэзіі лацінскага абраду.
 

29 кастрычніка 2020, 11:15