Пошук

Vatican News

Пантыфік: псальмы вучаць давяраць усе справы Богу

Кніга Псальмаў стала бацькаўшчынай, трэніровачнай залай і домам для шматлікіх людзей малітвы, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, Святы Айцец засяродзіў увагу на кнізе Псальмаў. У псальмах можна знайсці ўсе чалавечыя пачуцці: радасць, пакуты, сумневы, надзею, горыч, таму яны “прыдатныя для малітвы людзей усіх станаў і ўсіх часоў”, - зазначыў Папа.

“Чытаючы і перачытваючы псальмы, мы вучымся мове малітвы. Бог Айцец сваім Духам натхніў іх з’яўляенне ў сэрцы караля Давіда і іншых людзей малітвы, каб навучыць кожнага чалавека праслаўляць Яго, дзякаваць Яму, прасіць Яго, звяртацца да Яго ў радасцях і пакутах, распавядаць пра Яго цудоўныя справы і Яго закон. Псальмы – гэта Божае слова, якое мы, людзі, выкарыстоўваем, каб размаўляць з Ім”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што псальмы грунтуюцца на чалавечым досведзе, а каб маліцца імі дастаткова быць самімі сабой. У іх мы чуем галасы сапраўдных людзей, жыццё якіх, як і жыццё ўсіх, было поўным праблем, цяжкасцей, няўпэўненасці. “Псальміст не пратэстуе супраць гэтых пакут радыкальным чынам, бо ведае, што яны – частка жыцця. У псальмах, аднак, пакуты пераўтвараюцца ў пытанні”, - дадаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што часцей за ўсё ў кнізе Псальмаў гучыць пытанне: “Дакуль, Пане?”. Так адбываецца, бо “кожны боль патрабуе вызвалення, кожная сляза просіць аб суцяшэнні, кожная рана чакае аздараўлення, кожны паклёп – апраўдання”.

Паводле Папы, дзякуючы гэтым пытанням, псальмы вучаць нас не прызвычайвацца да болю, але заносіць яго да Пана. Існаванне чалавека – гэта подых, яго гісторыя – мімалётная, але чалавек, які моліцца, ведае, што ён каштоўны ў вачах Бога, таму яго ўскліканне мае сэнс. “Малітва псальмаў – гэта выраз такога ўсклікання: разнастайнага ўсклікання, бо ў жыцці пакуты набываюць тысячы форм і носяць імя хваробы, нянавісці, вайны, пераследу, роспачы, а таксама найвышэйшага абсурда – смерці”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што “чалавек, які моліцца псальмамі, просіць у Бога ўмяшацца там, дзе ўсе чалавечыя намаганні застаюцца марнымі”. “Вось чаму малітва ўжо сама па сабе з’яўляецца шляхам збаўлення і пачаткам збаўлення”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што ў гэтым свеце пакутуюць усе людзі: як вернікі, так і тыя, якія адмаўляюць існаванне Бога. Але ў кнізе Псальмаў пакуты становяцца адносінамі, бо “крык аб дапамозе” чакае “вуха, якое выслухае”. “Боль кожнага чалавека для Бога – святы. У псальме 56 чалавек моліцца так: “Ты палічыў усе мае выгнанні, сабраў слёзы мае ў свой мех”. Перад Богам мы не з’яўляемся невядомымі асобамі ці проста лічбамі. Для Яго мы маем абліччы і сэрцы, Ён ведае кожнага з нас, па імені”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што ў псальмах вернік знаходзіць адказы. Ён ведае, што нават калі ўсе брамы свету будуць зачынены, дзверы Бога – адчынены. Нават калі ўвесь свет асудзіць, у Богу ёсць збаўленне.

“Пан слухае”: часам у малітве дастаткова толькі ведаць пра гэта. Не заўсёды праблемы вырашаюцца. Чалавек, які моліцца, не мае ілюзій: ён ведае, што многія пытанні зямнога жыцця застануцца нявырашанымі, з’яўляюцца безвыходнымі; пакуты будуць нас суправаджаць, а калі выйграем бітву, нас чакаюць іншыя. Аднак, калі мы выслуханыя, усё становіцца зносным”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што самае горшае, што можа здарыцца з чалавекам, гэта перажыванне пакут у пакінутасці і забыцці. “Менавіта ад гэтага выбаўляе малітва. Можа здарыцца, і нават часта, што мы не будзем разумець Божай задумы. Але наш крык не застанецца на зямлі: ён узнясецца да Яго, да Пана, які мае бацькоўскае сэрца, які плача па кожным сыне і па кожнай дачцэ, якія пакутуюць ці гінуць”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Калі будзем заставацца ў адносінах з Ім, жыццё не абароніць нас ад пакут, але адкрыецца на больш шырокі гарызонт дабра і будзе ісці да свайго спаўнення. Будзем мужна крочыць наперад з малітва. Езус заўсёды побач з намі”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

14 кастрычніка 2020, 11:00