Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: Касцёл пакліканы дасягаць людзей з перыферый

Не дастаткова прыняць запрашэнне наследаваць Пана. Трэба быць гатовымі паўстаць на шлях навяртання, які змяняе сэрца, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 11 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік заўважыў, што праз евангельскую прыпавесць пра караля, які справіў вяселле для свайго сына (Мц 22,1-14), Езус хоча паказаць задуму Бога адносна чалавецтва. Кароль – гэта вобраз Айца, які прыгатаваў для ўсёй чалавечай сям’і цудоўнае свята любові і адзінства вакол свайго адзінароднага Сына. Ён двойчы пасылаў слугаў, каб паклікалі запрошаных, але тыя адмаўляліся, бо думкі іх былі заняты іншым: полем і гандлем.

“Вельмі часта таксама і мы супрацьпастаўляем нашы інтарэсы і матэрыяльныя даброты Пану, які кліча нас. Але кароль з прыпавесці не жадае, каб банкетная зала засталася пустая, бо прагне дарыць скарбы свайго валадарства. Тады Ён кажа слугам: “Пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле” (Мц 22,9)”, - сказаў Папа.

Бог паводзіць сябе так: калі Яму адмаўляюць, Ён, замест таго, каб адступіць, зноў выходзіць і кажа паклікаць усіх, хто знаходзіцца на скрыжаваннях дарог, не выключаючы нікога. Ніхто не выключны з Божага дома, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што для абазначэння скрыжаванняў евангеліст Мацвей выкарыстоўвае “арыгінальны тэрмін”, які азначае месцы, дзе заканчваліся гарадскія дарогі і пачыналіся сцежкі, што вялі ў сельскую мясцовасць, дзе жыццё было вельмі бедным. Менавіта да чалавецтва з ростаняў кароль з прыпавесці паслаў слугаў, з упэўненасцю, што там яны знойдуць людзей, гатовых сесці за святочны стол. Такім чынам банкетная зала напоўнілася “адчужанымі”, тымі, якія ніколі не здаваліся годнымі ўдзельнічаць у свяце, у вяселлі.

Касцёл пакліканы дасягнуць сучасных ростаняў – гэта значыць, геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый чалавецтва, месцаў на ўскраінах, сітуацый, у якіх знаходзяцца бяздомныя і жывуць лахманы чалавецтва, пазбаўленыя надзеі.

“Гаворка ідзе пра тое, каб не прывязвацца да зручных і прывычных спосабаў евангелізацыі і сведчання міласэрнай любові, але адчыніць дзверы нашых сэрцаў і нашых супольнасцей на ўсіх, бо Евангелле не прызначана для некаторых выбраных. Нават людзей, якія знаходзяцца на ўскраінах, нават тых, хто стаў адрынуты і пагарджаны грамадствам, Бог лічыць годнымі сваёй любові. Ён накрывае свой стол для ўсіх: праведнікаў і грэшнікаў, добрых і дрэнных, разумных і неадукаваных”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што ўмовай для ўдзелу ў вяселлі было святочная адзенне. Калі зала напоўнілася гасцямі, прыйшоў кароль і прывітаў запрошаных у апошні момант, але ўбачыў сярод іх аднаго, без вясельнай вопраткі – накідкі, якую кожны запрошаны атрымліваў у дар пры ўваходзе. Адмовіўшыся ад дару, гэты чалавек сам выключыў сябе і каралю нічога не заставалася, як загадаць выкінуць яго вон.

Гэты чалавек прыняў запрашэнне, але потым вырашыў, што яно не значыць нічога для яго: ён быў самадастатковай асобай, не меў жадання змяняцца. Вясельная вопратка, гэта накідка, якую атрымлівалі ў дар, сімвалізуе міласэрнасць, якой Бог бескарысліва адарае нас…

“Не дастаткова прыняць запрашэнне наследаваць Пана. Трэба быць гатовымі паўстаць на шлях навяртання, які змяняе сэрца. Вопратка міласэрнасці, якую Бог няспынна прапануе нам, гэта бескарыслівы дар Яго любові, гэта ласка. Яна патрабуе прыняцця з захапленнем і радасцю…”, - сказаў Папа.

“Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам па прыкладзе слугаў з евангельскай прыпавесці выходзіць за рамкі нашых схемаў і нашых вузкіх поглядаў, абвяшчаючы ўсім тое, што Пан запрашае нас на сваё свята, каб адарыць нас ласкай, якая збаўляе”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.
 

11 кастрычніка 2020, 12:22