Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Кіраўніцтва дыпламатыі Святога Пасаду на экалагічным саміце ААН

“Мы павінны пераасэнсаваць парадыгму развіцця”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Гэта магчыма, калі палітычныя рашэнні будуць служыць чалавечай асобе.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер заклікаў спрыяць па-сапраўднаму інтэгральнаму развіццю, у якім з’яднаюцца клопат пра агульнае дабро і павага да чалавечай годнасці.

Дасягненне такога развіцця магчыма выключна тады, калі палітычныя рашэнні будуць служыць чалавечай асобе і мець у падставе цэласнае разуменне экалагічных, эканамічных, сацыяльных і гуманітарных наступстваў выкарыстання нашых супольных прыродных рэсурсаў, - заўважыў ватыканскі дыпламат у відэапасланні да ўдзельнікаў саміту па біяразнастайнасці, які з 30 верасня 2020 г. праходзіць пад эгідай ААН.

Арцыбіскуп Галахер пажадаў, каб сустрэча дала магчымасць “з удзячнасцю сузіраць дар стварэння і сур’ёзна паглядзець на ўсё тое, што пагражае надзвычайнаму багаццю нашай планеты”. Ён заклікаў глыбока прааналізаваць прычыны, якія знаходзяцца ля вытокаў знікнення біяразнастайнасці, прызнаць вялікую шкоду гэтага і аднавіць сумесныя намаганні, накіраваныя на абарону Зямлі.

Іерарх назваў некалькі прычын знішчэння біяразнастайнасці: “сельскагаспадарчая і індустрыяльная экспансія”, забруджванне навакольнага асяроддзя, у тым ліку, звязанае з выкіданнем пластыкавага смецця ў акіян, выпрабаванні ядзернай зброі і неапрацаваныя адходы. Ён нагадаў, што павышэнне тэмпературы сусветнага акіяна мае разбуральныя наступствы для большай часткі каралавых рыфаў у свеце, а выкарыстанне выкапнёвага паліва і вырубка лясоў – гэта фундаментальныя фактары, якія ўплываюць на кліматычныя змены і вядуць да знікнення відаў і зніжэння ўстойлівасці прыроды.

Паводле Святога Пасаду, для змены гэтай трывожнай тэндэнцыі і спынення збяднення прыроды, якое прывядзе да вялікі чалавечых пакут, асабліва ў самых бедных частках свету, важным з’яўляецца абарона рэгіёнаў, багатых біяразнастайнасцю, такіх як Амазонія і Басейн ракі Конга.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра супольную адказнасць людзей за аднаўленне гарманічных адносін з прыродай і заклікаў спалучаць клопат пра супольны дом з клопатам пра братоў і сясцёр, што Святы Айцец называе “інтэгральнай экалогіяй”.
 

01 кастрычніка 2020, 10:59