Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі юдаізму. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі юдаізму. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Каталіцка-юдэйскі дыялог у 55-годдзе Nostra aetate

Ватыканская Камісія па рэлігійных адносінах з юдаізмам і Міжнародны юдэйскі камітэт па міжрэлігійных кансультацыях абмяняліся пасланнямі з нагоды 55-годдзя дэкларацыі Nostra aetate.

Старшыні камісій, кардынал Курт Кох і рабін Ноам Маранс, пацвердзілі актуальнасць дакумента Другога Ватыканскага Сабора, а таксама высока ацанілі дасягненні ў адносінах паміж католікамі і юдэямі з часу яго прыняцця.

“Няма ніякіх сумневаў, што Nostra aetate заклала фундамент для стасункаў паміж католікамі і юдэямі і таму можа па праву лічыцца Вялікай хартыяй каталіцка-юдэйскіх адносін”, - напісаў ватыканскі іерарх.

Рабін Маранс звярнуў увагу на тое, што дэкларацыю дапоўнілі візіты Пантыфікаў у сінагогі, у “жудасныя і ў той жа час святыя месцы, звязаныя са злачынствамі Халакоста”, а таксама ў ізраільскую дзяржаву, пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Ватыканам і Ізраілем у 1993 г. Міжнародны юдэйскі камітэт высока цэніць ролю Францішка ў асуджэнні антысемітызму і выказвае салідарнасць з хрысціянамі, якія падвяргаюцца пераследу, - гаворыцца ў пасланні.

Камісія па рэлігійных адносінах з юдаізмам была заснавана ў 1974 г. Кожныя два гады яна праводзіць сумесныя пасяджэнні з Міжнародным юдэйскім камітэтам па міжрэлігійных кансультацыях, на якіх абмяркоўваюцца актуальныя пытанні, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Камітэт з’яўляецца афіцыйным суразмоўцам сусветнага юдаізму ў дыялогу з Каталіцкім Касцёлам.

Чацвёрты параграф Дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, прынятай на Другім Ватыканскім Саборы, стаў сапраўдным пралогам да ўступлення ў юдэйска-хрысціянскі дыялог. У ім між іншым гаворыцца: “Паколькі агульная духоўная спадчына хрысціян і юдэяў вельмі вялікая, Святы Сабор хоча захоўваць і падтрымліваць узаемаразуменне і пашану, якія заўсёды з’яўляюцца плёнам біблійных і тэалагічных даследаванняў, а таксама братэрскага дыялогу”.
 

29 кастрычніка 2020, 12:22