Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з бацькамі кс. Рабэрта Мальджэнэзі Папа падчас сустрэчы з бацькамі кс. Рабэрта Мальджэнэзі  (ANSA)

Францішак сустрэўся з бацькамі забітага італьянскага святара

Пантыфік сустрэўся з бацькамі святара з італьянскай дыяцэзіі Кома, кс. Рабэрта Мальджэнэзі, жорстка забітага 15 верасня 2020 г. псіхічна хворай асобай, якой ён дапамагаў на працягу многіх гадоў.

Сустрэча адбылася 12 кастрычніка 2020 г. перад агульнай аўдыенцыяй у ватыканскай Зале Паўла VI. Яе падрабязнасцямі Святы Айцец асабіста падзяліўся з вернікамі падчас катэхезы.

“Святары, такія як кс. Рабэрта Мальджэнэзі, ажыўляюць веру Божага народа”, - сцвердзіў Папа. Ён запэўніў у тым, што Бог бачыць пакуты бацькоў, сын якіх аддаў жыццё ў служэнні бедным.

Бацьку і маці забітага святара суправаджаў пастыр дыяцэзіі Кома, біскуп Оскар Кантоні. У каментары для Vatican News ён заўважыў, што кс. Рабэрта выконваў сваё служэнне заўсёды з пакорай і сціпласцю. Быў вельмі ціхім, але зараз яго сведчанне прамаўляе на ўвесь свет, - перакананы іерарх.

Раней Францішак выказаў сваю блізкасць супольнасці Кома і публічна ўзносіў падзяку Богу за мучаніцтва і сведчанне любові да бедных загінулага святара. На пахаванне кс. Рабэрта, у якасці свайго прадстаўніка, Пантыфік скіраваў Апостальскага элемазінарыя, кардынала Конрада Краеўскага.

51-гадовы кс. Рабэрта Мальджэнэзі быў добра вядомы ў Кома дзякуючы сваёй актыўнай душпастырсткай дзейнасці і працы з мігрантамі. Яго забіў псіхічна хворы бяздомны ля мясцовага каталіцкага дабрачыннага цэнтра. Забойца, які раней шматразова затрымліваўся паліцыяй, добра ведаў кс. Рабэрта і атрымліваў ад яго дапамогу.
 

15 кастрычніка 2020, 11:13