Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з Пэтэрам Маўрэрам – старшынёй Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Папа падчас сустрэчы з Пэтэрам Маўрэрам – старшынёй Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа 

Францішак сустрэўся з кіраўніком Чырвонага Крыжа

19 кастрычніка 2020 г. у Ватыкане Францішак сустрэўся з Пэтэрам Маўрэрам – старшынёй Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Пазней яго прыняў таксама кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

Швейцарскі палітык і грамадскі дзеяч падкрэсліў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ блізкасць поглядаў, каштоўнасцей і памкненняў Чырвонага Крыжа і Апостальскай Сталіцы, асабліва ў падтрымцы ахвяр вайны і гвалту. Маўрэр таксама заўважыў, што агульны з папам Францішкам пункт гледжання заключаецца ў жаданні будаваць масты для стварэння больш інклюзіўнага грамадства.

“Падзелы заўсёды вельмі балючыя ў наступствах для грамадзянскага насельніцтва, уразлівых груп, мігрантаў і перамешчаных з прычыны войнаў і гвалту асоб, людзей, якія пацярпелі ад гонкі ўзбраенняў, змены клімату і недаразвіцця, ад маргіналізацыі, галечы і несправядлівасці”

, - адзначыў кіраўнік дабрачыннай арганізацыі.

Маўрэр звярнуў увагу на тое, што назву апошняй энцыклікі Францішка Fratelli tutti можна лічыць дэвізам працы Міжнароднага Чырвонага Крыжа.

Ён лічыць, што каронавірус паскорыў і падкрэсліў многія існуючыя праблемы і негатыўныя фактары. “Думаю, што гэта сапраўдная трагедыя: той факт, што мы назіраем далейшыя падзелы і што багатыя сталі багацейшымі, а бедныя – яшчэ больш беднымі і маргіналізаванымі. Мы таксама бачым другасны эфект COVID-19: беспрацоўе аслабіла бедныя краіны і народы яшчэ больш сур’ёзна, чым да пандэміі”, - сказаў старшыня Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, каментуючы сваю сустрэчу з Пантыфікам.
 

20 кастрычніка 2020, 10:56