Пошук

Vatican News

Cвяты Айцец прыняў на аўдыенцыі кардынала Джорджа Пэла

12 кастрычніка 2020 г. Папа прыняў на аўдыенцыі 79-гадовага аўстралійскага кардынала Джорджа Пэла, прэфекта-эмерыта Сактатарыяту па эканамічных пытаннях, і, вітаючы яго, падзякаваў за сведчанне.

У чэрвені 2017 года іерарх пакінуў Ватыкан і адправіўся на радзіму, каб адказаць на абвінавачванні ў сексуальных дамаганнях да непаўналетніх, якія нібыта мелі месца ў 1996 г. і 1997 г. 11 снежня 2018 г. прысяжныя суда ў Мельбурне прызналі яго вінаватым, а ў лютым 2019 г. ён быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі.

На працягу 13-ці месяцаў пажылога кардынала ўтрымлівалі ў турме для самых небяспечных злачынцаў, перш чым Вярхоўны суд Аўстраліі апраўдаў яго і адмяніў прысуд. Гэта адбылося 7 красавіка 2020 г. Апраўдальная пастанова з’яўляецца канчатковай.

Кардынал Пэл заўсёды заяўляў пра сваю невінаватасць. Дзеянні, у якіх яго абвінавачвалі, ён назваў жудасным і непрымальным злачынствам, супраць якога ён заўсёды змагаўся.

Іерарх запэўніў, што не мае крыўды на нікога, падкрэсліваючы, што адзіны спосаб вылечыць раны мінулага – гэта праўда. Ён падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў, а таксама заўважыў, што знаходжанне ў турме ўзмацніла яго хрысціянскую веру ў выратавальную сілу пакут.

Кардынал рыхтуе да выдання свой “турэмны дзённік”, у якім ён падзеліцца думкамі пра жыццё ў зняволенні, Касцёл, працу ў Ватыкане, палітыку, грамадства і спорт.
 

12 кастрычніка 2020, 12:00