Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фо Ілюстрацыйнае фо  (ANSA)

Святы Айцец: будаваць новую культуру адносін да мігрантаў

10 верасня 2020 г. Папа прыняў ў Ватыкане ўдзельнікаў праекту “Snapshots from the Borders”, які садзейнічае стварэнню новай культуры адносін да мігрантаў, заснаванай на салідарнасці і гасціннасці.

Пантыфік зазначыў, што праект спрыяе больш глыбокаму разуменню міграцыі. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе еўрапейскім грамадствам даць больш гуманны і скаардынаваны адказ на міграцыйны феномен, як ніколі неабходны і неадкладны ў цяперашні час.

“Актуальная міграцыйная з’ява – складаная і яна часта мае драматычныя павароты. Глабальную ўзаемазалежнасць, якая абумоўлівае міграцыйныя патокі, трэба лепш вывучаць і разумець. Выклікаў – шмат і яны ўсклікаюць да нас. Ніхто не можа заставацца абыякавым да чалавечых трагедый, якія працягваюць адбывацца ў розных рэгіёнах свету. Сярод іх нас часта хвалююць тыя, што здараюцца ў Міжземнамор’і, моры памежжа, а таксама сустрэчы культур”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што сярод людзей, якія пераплываюць праз Міжземнае мора ёсць тыя, якія ўцякаюць ад вайны, якія шукаюць больш годнага жыцця, але яны часта сустракаюць раўнадушша ці нават адмаўленне. “Міжнародная супольнасць засяродзілася на вайсковых аперацыях, у той час як трэба ствараць структуры, якія будуць гарантаваць роўныя магчымасці і месцы, дзе грамадзяне змогуць браць на сябе адказнасць за агульнае дабро”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заявіў пра недапушчальнасць гібелі людзей у моры па прычыне неаказання ім дапамогі. У той жа час ён прызнаў, што прыняцце і інтэграцыя мігрантаў з’яўляюцца складанымі працэсамі. Для іх рэалізацыі патрэбна канкрэтная салідарнасць і супольная адказнасць, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях.

Святы Айцец звярнуў увагу на выклікі, якія стаяць у сферы камунікацыі адносна міграцыйнай праблемы. Неабходна распавядаць пра людзей і іх гісторыі, спрыяць культуры сустрэчы, якая з’яўляецца шляхам да новага гуманізму, - лічыць ён. Францішак пажадаў, каб межы, якія заўсёды ўспрымаюцца як бар’еры, маглі стаць “вокнамі” – месцамі знаёмства, узаемнага ўзбагачэння, адзінства ў адметнасцях.
 

10 верасня 2020, 13:20