Пошук

Кардынал Адрыянус Сымоніс і папа Ян Павел ІІ Кардынал Адрыянус Сымоніс і папа Ян Павел ІІ 

Святы Айцец засмучаны смерцю кардынала Сымоніса

Святы Айцец спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Адрыянуса Ёханэса Сымоніса. Нідэрландскі іерарх адышоў у вечнасць 2 верасня 2020 г. ва ўзросце 88 гадоў.

Францішак скіраваў спачувальную тэлеграму на імя пастыра Утрэхцкай архідыяцэзіі, кардынала Вілема Якобуса Эйка. Глыбока засмучаны паведамленнем пра смерць кардынала Сымоніса ён выказаў блізкасць мясцоваму духавенству, манаскім асобам і свецкім вернікам. “Яднаюся з вамі ва ўзнясенні падзякі Усемагутнаму Богу за вернае сведчанне Евангелля, якое даў памерлы кардынал”, - напісаў Папа.

“Усім, хто аплаквае кардынала Сымоніса з цвёрдай надзеяй на ўваскрашэнне, ад шчырага сэрца ўдзяляю маё Апостальскае благаслаўленне як задатак суцяшэння і міру ад уваскрослага Пана”, - дадаў ён.

Адрыянус Ёханэс Сымоніс нарадзіўся ў 1931 г. у горадзе Лісэ, недалёка ад Ротэрдама. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1957 г. Абараніў доктарскую дысертацыю па біблійнай экзэгетыцы ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме (Анджэлікум), займаўся душпастырскай дзейнасцю. У 1970 г. быў прызначаны біскупам Ротэрдамскім. З 1983 да 2007 гг. – арцыбіскуп Утрэхцкі. З 1983 да 2008 гг. – старшыня Канферэнцыі Біскупаў Нідэрландаў. У 1985 г. св. Ян Павел ІІ надаў яму кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Сымоніса Калегія кардыналаў складаецца з 220 іерархаў, з якіх 122 маюць права голасу на канклаве.
 

04 верасня 2020, 10:52