Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак моліцца за спачылага кардынала Яворскага

Святы Айцец з жалем прыняў паведамленне пра смерць кардынала Мар’яна Яворскага. Іерарх адышоў у вечнасць 5 верасня 2020 г. у Кракаве на 95-м годзе жыцця.

Папа скіраваў спачувальную тэлеграму на імя арцыбіскупа Кракаўскага Марэка Ендрашэўскага. Ён падкрэсліў, што яднаецца ў малітве з вернікамі Касцёла ў Польшчы і ва Украіне і дзякуе за жыццё і апостальскае служэнне кардынала Яворскага. Пантыфік назваў спачылага іерарха верным сведкам Евангелля

“З глыбокай удзячнасцю адзначаю яго навуковую дзейнасць, як паважанага прафесара тэалогіі і філасофіі рэлігіі ў каталіцкіх універсітэтах Варшавы, Кракава і Львова; як дэкана тэалагічнага факультэта і першага рэктара Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Св. Ян Павел ІІ падкрэсліваў пры розных нагодах плённае святарскае служэнне і каштоўны уклад памерлага ў развіццё каталіцкага вучэння”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што біскупскі дэвіз іерарха – “Mihi vivere Christus est” (Для мяне жыць – гэта Хрыстус) – спадарожнічаў яму на працягу ўсяго жыцця, вызначаючы яго мысленне, каштоўнасці, крытэрыі выбару, прыняцце рашэнняў і кірункі даследаванняў у розных галінах.

“Ён быў блізкім сябрам св. Яна Паўла ІІ, падтрымліваў яго ў цяжкасцях біскупскага і папскага служэння, удзяліў яму сакрамэнт намашчэння хворых. Як філосаф і тэолаг ён блізка супрацоўнічаў з Бэнэдыктам XVI. Асабіста мяне лучыць з ім кансісторый 2001 г., падчас якога мы абодва сталі кардыналамі”, - прызнаўся Папа.

Францішак падкрэсліў, што ў сэрцах тых, хто ведаў кардынала Яворскага, ён застанецца як вельмі справядлівы, шчыры, мужны чалавек, а ў першую чаргу, як той, які любіць Касцёл.

“Ён пакінуў пасля сябе годнае сведчанне святарскай руплівасці, эрудыцыі, вернасці Евангеллю і адказнасці за супольнасць вернікаў. Няхай міласэрны Хрыстус, якому кардынал Мар’ян прысвяціў сваё жыццё, прыме яго ў сваю хвалу”, - напісаў Святы Айцец.

На заканчэнне спачувальнага паслання Пантыфік удзяліў благаслаўленне кардыналам, біскупам, родным памерлага, вернікам у Польшчы і ва Украіне, а таксама ўсім удзельнікам пахавальнай цырымоніі.

Кардынал Мар’ян Яворскі нарадзіўся 21 жніўня 1926 г. у Львове. У 1950 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вывучаў тэалогію і філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, Люблінскім каталіцкім універсітэце і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю. З 1981 па 1987 гг. – першы рэктар Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве.

У мае 1984 г. Мар’ян Яворскі быў прызначаны Апостальскім адміністратарам польскай часткі Львоўскай архідыяцэзіі, праз месяц прыняў біскупскую сакру. З 1991 г. – арцыбіскуп і Мітрапаліт Львоўскі. З 1992 па 2008 гг. – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Украіны. Іерарх прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні касцёльных структур і рэлігійнага жыцця ва Украіне. З 1996 па 1998 гг. – быў таксама Апостальскім адміністратарам Луцкай дыяцэзіі, а з 1997 г. – рэктарам Львоўскай духоўнай семінарыі. У 1998 г. Ян Павел ІІ надаў яму кардынальскую годнасць. У 2008 г. сышоў на пенсію, пражываў на тэрыторыі Кракаўскай архідыяцэзіі.

Пасля смерці кардынала Мар’яна Яворскага Калегія кардыналаў складаецца з 219 іерархаў, з якіх 122 маюць права голасу на канклаве.
 

08 верасня 2020, 11:27