Пошук

Падчас сустрэчы Францішка з “Колам св. Пятра” Падчас сустрэчы Францішка з “Колам св. Пятра” 

Папа да дабрачынцаў: сэрца павінна “бачыць” раны грамадства

Пандэмія прымусіла перагледзець спосабы сведчання дабрачыннасці, - звярнуў увагу Папа. 25 верасня 2020 г. ён сустрэўся прадстаўнікамі “Кола св. Пятра” – арганізацыі, якая дапамагае бедным у Рымскай дыяцэзіі.

Францішак лічыць, што “на выключную сітуацыю нельга адказваць звычайнымі метадамі, патрэбна новая, іншая рэакцыя”. “Для гэтага неабходна сэрца, якое ўмее “бачыць” раны грамадства, і творчыя рукі ў актыўнай дабрачыннасці”, - патлумачыў ён.

“Перш за ўсё, неабходна тэрмінова вызначыць новыя формы беднасці ў хутка зменлівым горадзе. Беднасць звычайна сціплая: трэба пайсці і даведацца аб ёй... Існуе мноства новых форм беднасці: матэрыяльная, чалавечая, сацыяльная галеча”

, - заўважыў Пантыфік.

Францішак узгадаў словы свайго папярэдніка, Яна Паўла II, сказаныя сорак гадоў таму: наш свет “здаецца, не пакідае месца для міласэрнасці” (Dives in misericordia, 2). Сітуацыю можна выправіць, калі кожны дазволіць, каб асабіста яго “закранула” сіла Божай міласэрнасці. Асаблівым месцам для гэтага з’яўляецца сакрамэнт паяднання. Давяраючы свае пакуты Пану, мы атрымліваем міласэрнасць Айца. І менавіта гэтую міласэрнасць мы пакліканы перажываць і дарыць.

“Заклікаю вас не спыняцца і з аддачай і радасцю працягваць свае дабрачынныя справы, заставацца заўсёды ўважлівымі і гатовымі смела рэагаваць на патрэбы бедных. Не стамляйцеся прасіць Духа Святога аб гэтай ласцы ў асабістай і супольнай малітве”

, - звярнуўся Папа да рымскіх дабрачынцаў.

“Кола св. Пятра” было заснавана ў Рыме ў 1869 г. па ініцыятыве групы маладых людзей з мясцовых заможных сем’яў. Праз каталіцкую прэсу, збор подпісаў і ініцыятывы салідарнасці яны выступалі ў абарону Святога Айца перад абліччам нападкаў. Затым Пій IX даверыў ім асаблівае заданне – клапаціцца пра рымскіх беднякоў.
 

25 верасня 2020, 12:34