Пошук

Францішак падчас відэа-выступлення ў ААН Францішак падчас відэа-выступлення ў ААН 

Пантыфік звярнуўся да ААН з нагоды 75-годдзя ўстановы

З нагоды 75-годдзя ААН Францішак скіраваў адмысловы відэазварот, у якім пажадаў, каб “гэтая арганізацыя была сапраўдным знакам і інструментам адзінства паміж дзяржавамі і служэння ўсёй чалавечай сям’і”.

У сваім пасланні Пантыфік закрануў найбольш вострыя праблемы, з якімі сутыкнулася сучаснае грамадства, заклікаўшы міжнародную супольнасць да тэрміновых дзеянняў для іх вырашэння ў імя міру, праўды і справядлівасці.

Папа падкрэсліў, што свет працягвае адчуваць наступствы пандэміі каронавіруса: шмат людзей памерла, змяніўся звыклы лад жыцця, узнікла неабходнасць перагляду існуючых эканамічных, медыцынскіх і сацыяльных сістэм, нарэшце, стала відавочнай людская ўразлівасць. Ён назваў гэтае выпрабаванне “часам выбару” паміж вартым і тым, што мінае, аддзялення неабходнага ад непатрэбнага.

Францішак заўважыў, што пандэмія можа стаць нагодай або для “навяртання, пераўтварэння, пераасэнсавання нашага стылю жыцця”, або для “абарончага адступлення”, прасякнутага духам індывідуалізму і элітарнасці.

“Мы стаім перад выбарам паміж двума магчымымі шляхамі: адзін вядзе да ўзмацнення мультылатэралізму, праяўлення абноўленага сусветнага супрацоўніцтва, да салідарнасці, заснаванай на справядлівасці, і ўсталявання спакою і еднасці чалавечай сям’і – да Божай задумы для свету; другі аддае перавагу праявам самадастатковасці, нацыяналізму, пратэкцыянізму, індывідуалізму і ізаляванню, выключаючы найбольш бедных, уразлівых, жыхароў экзістэнцыяльных перыферый, і дакладна нанясе шкоду ўсёй супольнасці, выступаючы насуперак усеагульным інтарэсам. І гэта не павінна пераважыць”, - сказаў Пантыфік.

Па яго словах, “пандэмія выявіла тэрміновую неабходнасць умацавання здароўя грамадства і рэалізацыі права кожнай асобы на асноўныя медыцынскія паслугі”, у сувязі з чым адказныя палітыкі і прыватны сектар павінны прымаць меры, каб гарантаваць доступ да вакцын супраць COVID-19 і да тэхналогій, патрэбных для лячэння хворых, з асаблівай увагай да бедных і ўразлівых.

Відавочнай стала неабходнасць “пазбягання спакусы перавышаць свае натуральныя абмежаванні” пры дапамозе штучнага інтэлекту і паўсюднай рабатызацыі, якія, у сваю чаргу, выклікаюць негатыўныя наступствы ў працоўнай сферы, пазбаўляючы многіх людзей магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял.

“Тэхналагічны прагрэс карысны і неабходны, толькі калі служыць таму, каб праца людзей была больш годнай, больш пэўнай, менш цяжкай і стомнай”

, - сказаў Францішак.

На яго думку, для пераўтварэнняў ёсць усе неабходныя рэсурсы, але патрэбны “больш моцны этычны кантэкст”, здольны пераадолець культуру адчужэння, у аснове якой – “велізарны недахоп павагі да годнасці чалавека”, “прага ўлады і абсалютнага кантролю”.

“Балюча глядзець, колькі фундаментальных правоў чалавека працягваюць беспакарана парушацца”, - прызнаўся Святы Айцец. Ён нагадаў пра пераслед за веру, пра ваенныя канфлікты з прымяненнем зброі масавага паражэння, пра адсутнасць нармальных умоў жыцця, што спараджае шматтысячныя хвалі бежанцаў і мігрантаў. Многія з іх становяцца ахвярамі гандлю людзьмі або прымусовай працы. “Сёння гэта рэчаіснасць, якую многія свядома ігнаруюць!” - канстатаваў Пантыфік.

Францішак дадаў, што сучасны крызіс – гэта магчымасць для ААН “зрабіць грамадства больш братэрскім і спагадлівым”.

Для гэтага трэба перагледзець ролю эканамічных і фінансавых інстытутаў, павялічыць намаганні для выкаранення эканамічнай несправядлівасці, працаваць на карысць усеагульнага дабра.

“Абмежаваная здольнасць міжнароднай супольнасці выканаць абяцанні, дадзеныя пяць гадоў таму, штурхае мяне да таго, каб паўтарыць, што мы павінны пазбягаць любой спакусы паддацца напышліваму наміналізму з яго заспакаяльным уздзеяннем на свядомасць. Мы павінны клапаціцца, каб нашыя ўстановы былі сапраўды эфектыўнымі ў барацьбе з усімі гэтымі бедствамі”, - заклікаў Святы Айцец.

Ён узняў экалагічнае пытанне і стан карэнных народаў зямлі, у прыватнасці Амазоніі, у чарговы раз заклікаўшы да інтэгральнага падыходу ў справе аховы навакольнага асяроддзя.

Асобную ўвагу Папа надаў разбуральнаму ўздзеянню пандэміі на стан дзяцей і падлеткаў, нагадаўшы пра рост выпадкаў злоўжывання і насілля ў адносінах да непаўналетніх, немагчымасць наведваць школы, пашырэнне прымусовай дзіцячай працы.

Пантыфік з сумам сцвердзіў, што многія краіны і міжнародныя інстытуты пашыраюць аборт як адну з так званых “істотных паслуг” у адказ на гуманітарны крызіс. Францішак заклікаў грамадскія ўлады надаваць асаблівую ўвагу дзецям, чые правы, асабліва права на жыццё і адукацыю, парушаюцца.

Папа выказаў занепакоенасць станам сучаснай сям’і, якая часта становіцца ахвярай “ідэалагічнага каланіялізму” і ўсё больш раз’ядноўваецца, тым самым узмацняючы раздзяленне грамадства. Пры гэтым ён заўважыў, што, пераасэнсоўваючы стан сям’і, нельга пакідаць без увагі ролю і правы жанчын у грамадстве. Часта яны становяцца ахвярамі нявольніцтва, гандлю, насілля, злоўжыванняў і ганебнага абыходжання, падкрэсліў Папа і заклікаў да больш рашучай барацьбы “супраць гэтых агідных практык”.

Францішак паставіў пад сумнеў магчымасць эфектыўнага супрацьстаяння асноўным пагрозам міру і бяспецы – як, напрыклад, беднасці, эпідэміям і тэрарызму, – калі ўлічваць, што рэсурсы працягваюць выдаткоўвацца на гонку ўзбраенняў замест таго, каб падтрымліваць усебаковае развіццё народаў і ахоўваць прыроднае асяроддзе.

Папа заклікаў да вынішчэння існуючай атмасферы недаверу; спынення “эрозіі” мультылатэралізму, якую ўзмацняюць новыя формы ваенных тэхналогій, такіх, як смяротныя сістэмы аўтаномнай зброі (Laws); да разбурэння агіднай логікі, якая суадносіць асабістую і сацыяльную бяспеку з правам на валоданне зброяй. “Такая логіка служыць выключна росту прыбыткаў ваеннай прамысловасці і жывіць атмасферу недаверу і страху сярод людзей і народаў”, - сцвердзіў Папа.

Францішак нагадаў пра важнасць выканання асноўных міжнародна-прававых дакументаў у галіне ядзернага раззбраення, нераспаўсюджвання і забароны ядзернай зброі.

“Наш свет, які знаходзіцца ў стане канфлікту, мае патрэбу ў тым, каб ААН станавілася ўсё больш эфектыўнай лабараторыяй міру”, - сказаў Папа. Ён ухваліў прынятае глабальнае рашэнне спыніць агонь на час эпідэміялагічнага крызісу і заклікаў да паслаблення міжнародных санкцый, якія ўскладняюць аказанне дзяржавамі адэкватнай дапамогі сваім насельніцтвам.

“Пандэмія паказала нам, што немагчыма жыць адзін без аднаго ці, што яшчэ горш, адзін супраць аднаго. ААН была створана для таго, каб з’яднаць нацыі, каб зблізіць іх, як мост паміж народамі. Давайце выкарыстаем яго, каб ператварыць выклік, які перажываем, у чарговую магчымасць для сумеснага будаўніцтва будучыні, якой жадаем”, - пажадаў Святы Айцец.
 

25 верасня 2020, 20:20