Пошук

Vatican News
Папа падчас візіту ў Мемарыял міру ў Хірасіме Папа падчас візіту ў Мемарыял міру ў Хірасіме  (Vatican Media)

Пантыфік: ядзерная зброя – пагроза для ўсяго чалавецтва

З нагоды Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі, 26 верасня 2020 г. Святы Айцец нагадаў, што яна з’яўляецца пагрозай для ўсяго чалавецтва.

“Будзем прасіць Пана аб дары міру, аб свеце без зброі масавага знішчэння. Будзем намагацца вызваліць чалавецтва ад ядзернай зброі, сур’ёзнай пагрозы для роду чалавечага”, - заклікаў Францішак праз свой акаўнт у “Твітэры”.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый звяртае ўвагу на тое, што нягледзячы на рост міжнароднай напружанасці, дактрына ядзернага стрымлівання таксама і сёння з’яўляецца важным элементам у сферы бяспекі шматлікіх дзяржаў, а палова насельніцтва планеты прыжывае ў краінах, якія валодаюць ядзернай зброяй ці ўваходзяць у адпаведныя альянсы.

Генеральная Асамблея ААН будзе абмяркоўваць тэму ядзернага разбраення 2 кастрычніка 2020 г. Важнымі элементамі на шляху да свету, свабоднага ад ядзернай зброі, з’яўляецца Дамова аб нераспаўсюджванні ад 1970 г. і Дамова аб забароне ядзернай зброі ад 2017 г., адным з першых падпісантаў якой стала Апостальская Сталіца.

Падчас візіту ў Хірасіму ў лістападзе 2019 г. Фрацнішак звярнуўся з пасланнем міру, падчас якога падкрэсліў, што выкарыстанне ядзернай энергіі ў якасці зброі з’яўляецца не толькі злачынствам супраць чалавека і яго годнасці, але таксама супраць магчымасці будучыні на планеце. “Выкарыстанне ядзернай энергіі ў ваенных мэтах з’яўляецца амаральным, як амаральным ёсць валоданне ядзернай зброяй”, - казаў Папа.

Міжнародны дзень барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі адзначаецца штогадова 26 верасня. Ён быў устаноўлены ў снежні 2013 г. Генеральнай Асамблеяй ААН.
 

26 верасня 2020, 13:59