Пошук

Францішак падчас візіту ў Асізі. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас візіту ў Асізі. Ілюстрацыйнае фота 

Новая энцыкліка Францішка звернута да ўсяго чалавецтва

Швейцарскі капуцын Ніклаус Кустэр прааналізаваў першакрыніцу, якая дала назву новай энцыкліцы папы Францішка – “Fratelli tutti” (Усе браты), каб адказаць на крытыку тых, хто палічыў загаловак дыскрымінацыйным.

Тэкст разважанняў законніка, вядомага знаўцы духоўнай спадчыны св. Францішка Асізскага, быў апублікаваны на старонках газеты “L’Osservatore Romano”.

Кустэр нагадаў, што назва энцыклікі “Усе браты” ўзята з “Напамінаў” сярэдневяковага містыка, св. Францішка Асізскага, які звяртаўся да ўсіх хрысціян – мужчын і жанчын. Капуцын перакананы, што пераклады на сучасныя мовы павінны адлюстроўваць гэта дакладна і зразумела.

У італьянскім выданні “Францішканскіх крыніц” (Fonti Francescane), шосты напамін св. Францішка пачынаецца са слоў: “Будзем жа ўважліва глядзець, браты ўсе, на Добрага Пастыра, які, каб збавіць сваіх авечак, знёс Муку Крыжа”.

“Можна адразу заўважыць, што вобраз Пастыра і яго статка, выкарыстаны ў тэксце, уключае ўвесь Касцёл, а не толькі групу братоў. Каб выявіць канчатковага адрасата збору тэкстаў, які цытуе Папа, трэба размяжоўваць з’яўленне асобных частак тэксту і іх заключную кампазіцыю, дзе слова “fratres” (браты) пашыраецца з невялікага кола францішканскага брацтва (“fraternitas”) да ўсяго Касцёла”, - піша Ніклаус Кустэр.

“Вышэй узгаданы зварот паходзіць са зборніка, які адлюстроўвае духоўныя разважанні меншых братоў капуцынаў і іх сталыя вывады. Агульная кампазіцыя расшырае гарызонт па-за межы першапачатковага кола. Асобныя сентэнцыі звернуты да братоў св. Францішка, да “законнікаў” у цэлым, а таксама да ўсіх людзей, што служаць Богу (servi Dei). У апошнія гады свайго жыцця св. Францішак Асізскі сабраў разам 28 адабраных духоўных настаўленняў, каб стварыць цыкл, што стварае духоўную структуру і нагадвае біблійны “дом Мудрасці” з яго “разнымі калонамі”. Сімвалічная лічба 28 складаецца з чатырох, памножаных на сем: чатыры сімвалізуе свет, а сем – Божае стварэнне. 28 сімвалічна азначае Касцёл як Божае стварэнне. (...) У гэты духоўны будынак запрошаны кожны чалавек без выключэння, а асобныя словы зборніка звернуты да ўсіх”, - тлумачыць капуцын.

“Папа Францішак вылучае не асобны тэкст, але ўвесь збор тэкстаў, які Каетан Эсэр назваў “Magna Charta” (Вялікая хартыя) хрысціянскага братэрства. Падзагаловак энцыклікі робіць відавочным той факт, што яна звернута, як і падпісаны ў Абу-Дабі сумесны хрысціянска-ісламскі дакумент пра ўніверсальнае братэрства, да ўсяго чалавецтва, выходзячы за межы Касцёла. Папа Францішак піша пра братэрства і сацыяльнае сяброўства, якое павінна аб’ядноўваць, без выключэння, усіх людзей у салідарным свеце”, - падкрэсліў швейцарскі законнік.
 

25 верасня 2020, 10:57