Пошук

Vatican News
Супрацоўнікі Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан” Супрацоўнікі Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан”  (Vatican Media)

Пантыфік да паліцэйскіх: вера – самы каштоўны духоўны скарб

Францішак падзякаваў за ахвярнае і прафесійнае служэнне Інспекцыі па ахове грамадскага парадку “Ватыкан”, прадстаўнікой якой прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI.

28 верасня 2020 г. Святы Айцец сустрэўся з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі спецыяльнага падраздзялення рымскай паліцыі, якое займаецца аховай плошчы св. Пятра і клапоціцца аб бяспецы Пантыфіка падчас яго падарожжаў па тэрыторыі Італіі. Аўдыенцыя была прымеркавана да 75-годдзя структуры.

Францішак нагадаў, што ўзнікненне Інспекцыі было плёнам Латэранскіх пагадненняў, якія прадугледжвалі асаблівы рэжым на плошчы св. Пятра, куды пілігрымы і турысты маглі свабодна праходзіць пад кантролем італьянскіх праваахоўных органаў.

Папа прыгадаў падзеі Другой сусветнай вайны і нямецкую акупацыю Рыма, калі ўзнікла праблема павагі да нейтралітэту і суверэнітэту Дзяржавы Ватыкан з боку нямецкіх салдат. Ён таксама падкрэсліў важнасць працы італьянскіх паліцэйскіх у пасляваенныя часы, калі ў Рым пачалі прыбываць шматлікія пілігрымы, у тым ліку, каб выказаць падзяку Пію ХІІ, абвешчанаму “defensor civitatis”.

Пантыфік высока адзначыў служэнне паліцэйскіх, якое характарызуецца руплівасцю, прафесіяналізмам і духам самаахвярнасці. Ён заклікаў сваіх гасцей заўсёды сведчыць пра чалавечыя і духоўныя каштоўнасці, уласцівыя месцу, якое яны ахоўваюць.

“Жадаю, каб вашы намаганні, якія нярэдка здзяйсняеце з ахвярнасцю і рызыкай, натхняліся жывой хрысціянскай верай: яна з’яўляецца самым каштоўным духоўным скарбам, які вашыя сем’і даверылі вам, і які вы пакліканы перадаць вашым дзецям”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

28 верасня 2020, 12:08