Пошук

Vatican News
Лагатып Рады Біскупскіх Канферэнцыій Еўропы Лагатып Рады Біскупскіх Канферэнцыій Еўропы 

Папа да біскупаў Еўропы: духоўна пераасэнсаваць досвед пандэміі

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў штогадовага пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), якое праходзіць 25-26 верасня 2020 г. у фармаце анлайн-канферэнцыі.

Тэма сёлетняга форума: “Касцёл пасля пандэміі. Перспектывы для стварэння і грамадства”. Святы Айцец заўважыў, што каронавірус глыбока паўплываў на жыццё ўсяго чалавецтва, абмяжоўваючы магчымасць кантактаў паміж людзьмі, змяняючы ўмовы грамадскага і эканамічнага жыцця.

“Значным чынам гэта паўплывала таксама на касцёльнае жыццё, прымушаючы да рэарганізацыі рэлігійных практык: шмат дзе душпастырская дзейнасць дагэтуль не прыстасавалася да новай сітуацыі”, - дадаў ён. У сувязі з гэтым Папа заклікаў да вызначэння новых шляхоў служэння Касцёла ў актуальных умовах.

“Смерць шматлікіх пажылых людзей, трагедыі сем’яў, якія раптоўна сустрэліся з вялікімі і небяспечнымі пагрозамі, драма моладзі, закрытай дома, спыненне правядзення рэлігійных абрадаў і хрысціянскага фармацыйнага працэсу, падштурхнулі немалую колькасць святароў і манаскіх асобаў да вызначэння мужных шляхоў душпастырскага служэння, даючы сведчанне бацькоўскай і ласкавай блізкасці да народа”, - папісаў Святы Айцец.

Перад абліччам вялікіх пакут людзей, якія Францішак акрэсліў як “новыя формы беднасці”, на яго думку, неабходна працягваць праяўляюць больш фантазіі ў міласэрнай любові, яшчэ мацней дэманструючы блізкасць да самых слабых, поўную ўвагі і шчодрасці.

“Хрысціянскія супольнасці пакліканы духоўна пераасэнсаваць тое, што мы перажылі, каб навучыцца таму, чаму вучыць жыццё і распазнаваць перспектывы на будучыню”, - дадаў Святы Айцец.

Папа запэўніў удзельнікаў біскупскага пасяджэння ў малітве праз заступніцтва Панны Марыі і святых апекуноў – св. Бэнэдыкта, св. Кірыла і св. Мятода – пастыраў Касцёла ў Еўропе, каб “сярод вернікаў пашыралася цвёрдая вера, згодна з якой нішто не можа адлучыць нас ад любові Хрыста”.

Пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы сёлета павінна было адбыцца з 25 па 27 верасня ў Празе, але па прычыне пандэміі каронавіруса было прынята рашэнне аб правядзенні форума выключна ў фармаце відэаканферэнцыі.
 

26 верасня 2020, 11:36