Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Папа: змена паўнамоцтваў Патрыярхаў на Аравійскім паўвостраве

Папа вырашыў унесці змены ў паўнамоцтвы каталіцкіх Патрыярхаў Усходніх Цэркваў, юрысдыкцыя якіх распаўсюджваецца на Аравійскі паўвостраў. Адпаведны рэскрыпт увайшоў у сілу 6 жніўня 2020 г.

Рашэнне было прынята з улікам гістарычнага фактару і просьбы саміх іерархаў, а таксама для большай духоўнай карысці вернікаў. Да гэтага часу пытанне рэгулявалася двума рэскрыптамі: ад 6 сакавіка 2003 г. і ад 8 красавіка 2006 г.

Змяняючы прадпісанні, Францішак пастанавіў, што цяпер “юрысдыкцыя ўсіх і выключна каталіцкіх Патрыярхаў Усходніх Цэркваў распаўсюджваецца на ўвесь Аравійскі паўвостраў – на Апостальскія вікарыяты Паўночнай Аравіі і Паўднёвай Аравіі”. Душпастырства вернікаў узгаданых супольнасцей на гэтай тэрыторыі цяпер будзе адбывацца ў каардынацыі з Апостальскімі вікарыямі.

Ад гэтага часу менавіта Апостальскія вікарыі, за выключэннем прэрагатывы Апостальскіх нунцыяў, з’яўляюцца прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла перад палітычнымі ўладамі адпаведных краін і да іх, у гэтых справах, усходнія Патрыярхі будуць звяртацца.

Магчымае ўвядзенне Сінодамі Патрыяршых Цэркваў sui iuris новых касцёльных інструкцый цяпер будзе падлягаць папярэдняму ўхваленню Апостальскай Сталіцы. Гэта адступленне ад §85 Кодэкса Усходніх Цэркваў усталёўваецца на пяць гадоў, пасля чаго будзе перагледжана.

Два ўзгаданыя рэскрыпты, ад 6 сакавіка 2003 г. і ад 8 красавіка 2006 г., застаюцца ў сіле для ўсіх вернікаў Усходніх Цэркваў, якія не належаць да Патрыяршых Цэркваў sui iuris, прысутных на Аравійскім паўвостраве.
 

06 жніўня 2020, 12:56