Пошук

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане  (Vatican Media)

Папа: давер да Езуса напаўняе сэнсам нашу любоў і жыццё

Справы салідарнасці не павінны адрываць нас ад кантакту з Езусам Хрыстом, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 23 жніўня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Францішак заўважыў, што Евангелле на гэту нядзелю (пар. Мц 16,13-20) звяртае ўвагу на вызнанне Пятром сваёй веры ў Хрыста, як у Месію і Божага Сына. “Да гэтага вызнання апостала падштурхнуў сам Езус, які хоча прывесці сваіх вучняў да здзяйснення рашучага кроку ў іх адносінах з Ім. Сапраўды, усё пілігрымаванне Езуса з Яго паслядоўнікамі, асабліва з Дванаццацю – гэта шлях іх выхавання ў веры”, - сказаў Пантыфік.

Спачатку Хрыстус спытаў: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”(Мц 16,13). Вучні нібыта пачалі спаборнічаць у прадстаўленні розных меркаванняў, якія, магчыма, у большасці падзялялі, бо Езус з Назарэта галоўным чынам лічыўся прарокам (Мц 16,14).

Другім пытаннем Хрыстус закрануў іх за жывое: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мц 16,15). Паводле Папы, тут на пэўны момант магло наступіць маўчанне, бо кожны з прысутных быў пакліканы ўключыцца ў гульню і паказаць чаму ён ідзе за Езусам. Па гэтай прычыне пэўнае ваганне было цалкам зразумелым.

“Са стану збянтэжанасці іх вывеў Пётр, які з запалам заявіў: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Гэты адказ, настолькі поўны і светлы, не быў толькі вынікам яго шчырасці, бо Пётр быў шчырым чалавекам, але плёнам асаблівай ласкі Нябеснага Айца: “Не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах” (Мц 16,17)”, - падкрэсліў Францішак.

Езус прызнаў адкрытасць Сымона на натхненне ласкі і таму ўрачыстым тонам дадаў: “Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16,18). Гэтым сцвярджэннем Ён даў зразумець Сымону сэнс яго новага імя – “Пётр”: вера, якую ён толькі што прадэманстраваў – “непарушны “камень”, на якім Божы Сын хоча будаваць свой Касцёл, гэта значыць Супольнасць”.

“Сёння мы чуем як да кожнага з нас скіравана пытанне Езуса: “А вы кім лічыце Мяне?”. Гаворка ідзе пра тое, каб даць не тэарэтычны адказ, але ў якім задзейнічана вера, гэта значыць жыццё, бо вера – гэта жыццё!”, - сказаў Папа.

Гэты адказ патрабуе таксама ад нас, як ад першых вучняў, слухання ўнутранага голасу Айца і сугучнасці з голасам Касцёла, згуртаванасці вакол Пятра. “Гаворка ідзе пра тое, каб зразумець, кім для нас ёсць Хрыстус: ці з’яўляецца Ён цэнтрам нашага жыцця і мэтай кожнага нашага высілку ў Касцёле і грамадстве?”, - дадаў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб каталіцкія супольнасці былі адкрытыя на шматлікія формы беднасці і надзвычайныя сітуацыі. “Любоў – заўсёды галоўны шлях удасканелення ў веры. Але неабходна, каб справы салідарнасці не адрывалі нас ад кантакту з Езусам Хрыстом. Хрысціянская любоў – гэта не проста філантропія, але, з аднаго боку, позірк на іншага вачыма Езуса, а з іншага, бачанне Езуса ў абліччы беднага”, - сказаў Святы Айцец.

“Няхай Найсвяцейшая Марыя, якая шчаслівая, бо паверыла, будзе нашым правадыром і прыкладам на шляху веры ў Хрыста і няхай зробіць нас свядомымі таго, што давер да Яго напаўняе сэнсам нашу любоў і ўсё наша жыццё”, - закончыў сваю медытацыю Пантыфік.
 

23 жніўня 2020, 12:26