Пошук

Vatican News
Кс. Хульян Карон, лідар руху “Камунія і вызваленне”, падчас сустрэчы з Папам Кс. Хульян Карон, лідар руху “Камунія і вызваленне”, падчас сустрэчы з Папам  (Vatican Media)

Папа: хрысціянскі светапогляд павінен вылучацца захапленнем

Францішак прывітаў арганізатараў і ўдзельнікаў XLI “Сустрэчы сяброўства паміж народамі”, якая праходзіць штогод у італьянскім Рыміні, і запэўніў іх у сваёй блізкасці і малітве.

У гэтым годзе форум, ініцыятарам якога выступае каталіцкі рух “Камунія і вызваленне” (Comunione e liberazione), будзе адбывацца пераважна ў анлайн-фармаце. У якасці дэвізу сёлетняй сустрэчы абраны словы з кнігі філосафа Абрама Хешэля “Бог у пошуку чалавека” (1969): “Пазбаўленыя захаплення, мы застаёмся глухімі да ўзвышанага”.

“У пошуку хутчэй матэрыяльных дабротаў, чым дабра, многія пачалі разлічваць выключна на ўласныя сілы, на здольнасць вытвараць і зарабляць, адкінуўшы стаўленне, якое ў дзіцяці складае аснову позірку на рэчаіснасць: захапленне”

, - гаворыцца ў пасланні.

У дакуменце за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна падкрэслівацца, што ў апошнія месяцы, пазначаныя пандэміяй, можна было назіраць, як пачуццё захаплення прымае форму спагадлівасці перад абліччам пакут, уразлівасці, нестабільнасці існавання.

“У гэтым сэнсе тэма чарговай Сустрэчы з’яўляецца заклікам спусціцца па вяроўцы захаплення ў глыбіні чалавечага сэрца. (…) Захапленне – гэта сапраўды спосаб заўважаць знакі ўзвышанага, гэта значыць, той Таямніцы, якая складае карані і аснову ўсіх рэчаў”, - сцвярджаецца ў звароце.

У дакуменце выказваецца меркаванне, што без такога светапогляду чалавек “становіцца сляпым у адносінах да жыцця, замыкаецца ў сабе, цягнецца да мімалётнага і перастае аналізаваць рэчаіснасць”.

“Тэма, якой азначана Сустрэча, з’яўляецца рашучым выклікам для хрысціян, пакліканых сведчыць аб глыбокай прывабнасці, якой вылучаецца вера дзякуючы сваёй прыгажосці”, - гаворыцца ў пасланні.

Папа запрасіў удзельнікаў мерапрыемства “працягваць супрацоўнічаць з ім у сведчанні перажывання прыгажосці Бога, Які стаўся чалавекам, каб нашыя вочы захапляліся Яго абліччам і каб наш позірк знаходзіў у Ім цуд жыцця”.
 

17 жніўня 2020, 13:43