Пошук

Vatican News

Пантыфік: загойваць раны пандэміі ў творчым і абноўленым духу

Усе мы, як вучні Езуса, Лекара душы і цела, пакліканы працягваць “Яго справу аздараўлення і збаўлення”, нагадаў Папа 5 жніўня 2020 г., падчас першай пасля месяцу летняга перапынку агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Францішак на нейкі час прыпыніў катэхетычны цыкл пра малітву і вырашыў прысвяціць некалькі наступных агульных аўдыенцый тэме пандэміі і паразважаць пра свет у паслякрызісны перыяд.

Пантыфік заўважыў, што каронавірус нанёс чалавецтву глыбокія раны, выявіўшы яго ўразлівасць, выклікаўшы смерць, хваробы і стан няўпэўненасці. Менавіта таму трэба “засяроджваць свой позірк на Езусе (Гбр 12,2)” і з верай прымаць надзею на Божае Валадарства, якое Ён нам нясе (Мк 1, 5; Мц 4, 17; ККК 2816): “Валадарства справядлівасці і спакою, што выяўляецца ва ўчынках міласэрнасці, якія, у сваю чаргу, павялічваюць надзею і ўзмацняюць веру (1 Кар 13,13)”.

“У хрысціянскай традыцыі вера, надзея і любоў значна вышэйшыя за пачуцці або манеру паводзін: гэта цноты, удыхнутыя ў нас праз ласку Духа Святога (ККК 1812-1813), дары, якія вылечваюць нас і робяць лекарамі, дары, якія адкрываюць перад намі новыя гарызонты, нават у момант, калі мы плывём па неспакойных водах нашага часу”

, - заўважыў Папа.

Па словах Святога Айца, сустрэча з Евангеллем веры, надзеі і любові запрашае нас “прыняць творчы і абноўлены дух”: тады мы “зможам вылечыць на глыбокім узроўні несправядлівыя структуры і разбуральныя практыкі, якія нас раздзяляюць, пагражаючы чалавечай сям’і і нашай планеце”.

Сярод мноства прыкладаў цудоўных аздараўленняў, якія ўчыніў Езус, Пантыфік засяродзіўся на гісторыі пра паралізаванага ў Кафарнауме (Мк 2,1-12).

“Учынак Езуса – гэта прамы адказ на веру тых людзей, на надзею, якую на Яго ўскладаюць, на праяўленую любоў, якую маюць адзін да аднаго. І тады Езус вылечвае, але вылечвае не проста параліч. Езус аздараўляе ўсё, прабачае грахі, абнаўляе жыццё паралізаванага і яго сяброў”

, - сказаў Францішак.

Ён нагадаў, што ўсе мы, як вучні Езуса, Лекара душы і цела, пакліканы працягваць “Яго справу аздараўлення і збаўлення” (ККК 1421) у фізічным, грамадскім і духоўным сэнсе.

І хоць Касцёл “не з’яўляецца экспертам у прадухіленні або спыненні пандэміі і тым больш не дае спецыфічных сацыяльна-палітычных указанняў”, ён, аднак, развіў фундаментальныя сацыяльныя прынцыпы, якія могуць дапамагчы рухацца наперад, “каб падрыхтаваць будучыню, у якой мы маем патрэбу”. Гэта прынцыпы годнасці асобы, усеагульнага дабра, прыярытэтнага клопату пра бедных, універсальнага прызначэння матэрыяльных дабротаў, салідарнасці, субсідыярнасці, клопату пра наш агульны дом. “Усе гэтыя прынцыпы ў рознай ступені выяўляюць цноты веры, надзеі і любові”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец запрасіў вернікаў “у бліжэйшыя тыдні разам заняцца неадкладнымі пытаннямі, якія ўзняла пандэмія, асабліва сацыяльнымі хваробамі”, і рабіць гэта “ў святле Евангелля, хрысціянскіх цнотаў і прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла”.

“Адкрыем разам, як нашая каталіцкая сацыяльная традыцыя можа дапамагчы чалавечай сям’і вылечыць гэты свет, які пакутуе ад цяжкіх хвароб. Маё жаданне ў тым, каб мы ўсе разам разважалі і працавалі, як паслядоўнікі Езуса, Які аздараўляе, каб будаваць лепшы свет, поўны надзеі для будучых пакаленняў”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

05 жніўня 2020, 11:38