Пошук

Кс. Майкл МакГіўні, заснавальнік “Рыцараў Калумба” Кс. Майкл МакГіўні, заснавальнік “Рыцараў Калумба” 

Пантыфік адзначыў важнасць працы каталіцкага руху свецкіх

Францішак скіраваў зварот да членаў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба” з нагоды іх 138-й штогадовай сустрэчы, якая сёлета, па прычыне пандэміі, прайшла ў анлайн-фармаце.

У дакуменце за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна Святы Айцец выказаў глыбокую ўдзячнасць яго членам за ўнёсак у евангелізацыйную місію Касцёла, у абарону годнасці чалавечага жыцця, сям’і і свабоды веравызнання, асабліва ў гэты складаны час пандэміі каронавіруса.

Францішак выказаў пажаданне, каб “будучая беатыфікацыя кс. Майкла МакГіўні, заснавальніка “Рыцараў Калумба”, падштурхнула арганізацыю да ўмацавання сваіх намаганняў жыць, як вучні-місіянеры, у любові, адзінстве і братэрстве”.

Майкл МакГіўні нарадзіўся ў 1852 г. у амерыканскім Уотэрбэры, у сям’і ірландскіх імігрантаў, і быў першым з 13-ці дзяцей. У выніку ён стаў вельмі вядомай постаццю ў Каталіцкім Касцёле ЗША XIX ст. У 2008 г. Бэнэдыкт XVI абвясціў яго Слугой Божым, а 27 мая 2020 г. Францішак ухваліў Дэкрэт аб прызнанні цуду, які адбыўся ў 2015 г. праз заступніцтва гэтага святара.

Беатыфікацыя адбудзецца 31 кастрычніка 2020 г. А пакуль Вярхоўны Рыцар арганізацыі Карл Андэрсан паведаміў пра адкрыццё ў Нью-Хэйвэне (Канэктыкут, ЗША) новага цэнтра для пілігрымаў у гонар кс. Майкла, дзе наведвальнікі змогуць бліжэй пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю святара.

Рыцары Калумба (Knights of Columbus) – гэта міжнародная арганізацыя мужчын-католікаў. Яны працуюць у многіх краінах свету і аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах каля 2 млн чалавек. Іх прынцыпамі з’яўляюцца міласэрнасць, адзінства, братэрства і патрыятызм.
 

14 жніўня 2020, 13:26