Пошук

Vatican News
Эрмін Нзота з дочкамі Эрмін Нзота з дочкамі 

Маці раздзеленых сіямскіх блізнят напісала Папу

Эрмін Нзота, маці сіямскіх двайнят Эрвіны і Прэфіны, якіх раздзялілі з дапамогай некалькіх унікальных аперацый у ватыканскай дзіцячай клініцы, напісала Францішку ліст.

Яна дзякуе Папу за тое, што ён удзяліў дзяўчынкам сакрамэнт хросту. Эрмін прасіла яго аб гэтым яшчэ ў чэрвені, пасля завяршэння апошняга этапу аперацыі, і на днях Папа хрысціў малых у капліцы Дома св. Марты.

Жанчына піша, што яе дочкі “атрымалі магчымасць стаць самымі шчаслівымі на зямлі” дзякуючы адкрыццю Францішкам Святой Брамы ў Бангі ў 2015 г., што было прымеркавана да Юбілею Міласэрнасці. Менавіта дзякуючы гэтай падзеі маладая маці сустрэлася праз тры гады з Марыэлай Энак, кіраўніком ватыканскай бальніцы “Дзіцятка Езуса”, пры падтрымцы якой у сталіцы ЦАР была адкрыта дзіцячая клініка.

Эрмін дзеліцца сваім уражаннем ад першага наведвання базылікі св. Пятра. Больш за ўсё яе ўразіла “П’ета”: Найсвяцейшая Багародзіца з мёртвым целам Сына на руках нагадала ёй, як яна сама трымала на руках сваіх дзяўчынак, якім было адмоўлена ў нармальным жыцці, і адчувала такое ж бяссілле.

У лісце Пантыфіку жанчына распавядае пра сваё жыццё, пра тое, што ў яе не было магчымасці атрымаць адукацыю і што яна хацела б аднойчы здолець прачытаць сваім дочкам словы з Бібліі.

Дзякуючы адкрыццю Святой Брамы, Папа “пабудаваў мост у вечнасць, па якім могуць прайсці ўсе маючыя патрэбу”, як і яна сама. Усё, што адбылося, стала для яе знакам, што Бог не пакідае самых апошніх. Жанчына абяцае Святому Айцу пастаянную малітву да Багародзіцы за яго.
 

11 жніўня 2020, 13:14