Пошук

Vatican News

Францішак: вакцына ад COVID-19 павінна быць даступна бедным

Вера, надзея і любоў падштурхоўваюць да падтрымкі бедных, бо яны найбольш пацярпелі ад эпідэміялагічнага крызісу, - падкрэсліў Папа 19 жніўня 2020 г., падчас агульнай аўдыенцыі.

Францішак прысвяціў чарговую, ужо трэцюю, катэхезу наступствам распаўсюджвання COVID-19.

“Пандэмія зрабіла відавочнай складаную сітуацыю бедных і вялікую няроўнасць, якая пануе ў свеце. Вірус, не робячы адрозненняў паміж людзьмі, сустрэў на сваім знішчальным шляху сур’ёзныя праявы няроўнасці і дыскрымінацыі. І пашырыў іх”, - падкрэсліў ён.

Паводле Францішка, адказ на сітуацыю павінен мець двайны характар. З аднаго боку, трэба знайсці сродкі “ад малога, але жудаснага віруса, які паставіў на калені ўвесь свет”, а з іншага – змагацца з “вялікім вірусам сацыяльнай несправядлівасці, няроўнасці магчымасцей, маргіналізацыі і адсутнасці абароны самых слабых”.

Папа заклікаў кіравацца прынцыпам выбару на карысць бедных, які носіць не палітычны ці ідэалагічны характар, але знаходзіцца ў самым сэрцы Евангелля. Першым яго зрабіў Езус.

“Сам Хрыстус, Які ёсць Богам, пазбавіў сябе ўсяго, стаўшы падобным да людзей. Ён выбраў не прывілеяванае жыццё, а стан слугі. Ён нарадзіўся ў простай сям’і і працаваў як рамеснік. Ад пачатку свайго прапаведавання абвяшчаў, што ў Божым Валадарстве ўбогія з’яўляюцца шчаслівымі. Ён быў сярод хворых, бедных і адчужаных, паказваючы ім любоў міласэрнага Бога”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што паслядоўнікаў Езуса, можна распазнаць па іх блізкасці да бедных, малых, хворых, вязняў, адчужаных і забытых, людзей пазбаўленых ежы і вопраткі.

“Гэта ключавы крытэрый хрысціянскай сапраўднасці. (...) Некаторыя памылкова думаюць, што выбар на карысць бедных з’яўляецца заданнем толькі для некаторых людзей, але на самой справе – гэта місія ўсяго Касцёла, як казаў св. Ян Павел ІІ. Кожны хрысціянін і кожная супольнасць пакліканы быць Божымі прыладамі вызвалення і падтрымкі бедных”, - сцвердзіў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што вера, надзея і любоў абавязкова падштурхоўваюць да выбару на карысць самых патрабуючых, які перавышае паняцце простай дапамогі. Трэба крочыць разам, дазволіць бедным евангелізаваць нас, “заражаць” нас сваім досведам збаўлення, сваёй мудрасцю і крэатыўнасцю.

Францішак звярнуў увагу на тое, што сёння ўсіх людзей хвалююць наступствы пандэміі. Многія жадаюць вярнуцца да нармальнага жыцця і аднавіць эканамічную дзейнасць. Ён пажадаў, каб гэта “нармальнае жыццё” не ўключала сацыяльную несправядлівасць і знішчэнне навакольнага асяроддзя. “Сёння мы маем магчымасць будаваць штосьці іншае”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец лічыць, што свету патрэбна “эканоміка інтэгральнага развіцця бедных”, здольная ствараць годныя працоўныя месцы і клапаціцца аб навакольным асяроддзі.

Ён заклікаў, дапамагчы бедным атрымаць доступ да вакцыны ад COVID-19 і не канцэнтраваць эканамічную падтрымку за кошт бюджэтных сродкаў на дапамозе вытворчасці, “якая не спрыяе ўключэнню адчужаных, падтрымцы апошніх, агульнаму дабру і клопату пра стварэнне”.

“Па прыкладзе Езуса, лекара цэласнай Боскай любові, якая дбае пра фізічнае, сацыяльнае і духоўнае аздараўленне (…), мы павінны дзейнічаць ужо зараз, каб перамагаць эпідэміі, выкліканыя малымі і нябачнымі вірусамі, а таксама вялікімі і бачнымі праявамі сацыяльнай несправядлівасці. Я прапаную рабіць гэта абапіраючыся на Божую любоў, ставячы перыферыі ў цэнтр, а апошніх на першае месца...”, - заклікаў Пантыфік, падсумоўваючы свае разважанні.
 

19 жніўня 2020, 12:00