Пошук

Vatican News

Францішак запісаў відэа, у якім заклікаў маліцца за людзей мора

Святы Айцец заклікаў маліцца “за ўсіх людзей, якія працуюць і жывуць на моры”, а таксама за іх сем’і. 4 жніўня 2020 г. было апублікавана відэа, у якім Францішак асабіста тлумачыць сваю інтэнцыю на жнівень.

У апошнія гады ўсё часцей з’яўляюцца паведамленні пра жорсткія ўмовы працы ў марской прамысловасці. Ёсць выпадкі, калі маракі становяцца ахвярамі гандлю людзьмі і жывуць ва ўмовах, падобных на рабства.

У дакладзе Еўрапейскага агенцтва марской бяспекі гаворыцца, што ў перыяд з 2011 па 2020 гг. падчас працы загінулі 745 марскіх работнікаў і амаль 9 тыс. пацярпелі.

У відэа Папа называе праблемы, з якімі кожны дзень сутыкаюцца марскія работнікі і іх сем’і: “закінутасць у далёкіх партах”, “прымусовая праца”, “прамысловае рыбалоўства і забруджванне”. Святы Айцец падкрэслівае, што “без людзей мора многія часткі свету галадалі б”, паколькі ўтрыманне трох мільярдаў асоб залежаць ад марской і прыбярэжнай біяразнастайнасці, а ў рыбнай прамысловасці прама ці ўскосна працуюць больш за 200 мільёнаў чалавек.

Відэа было зроблена ў супрацоўніцтве з Каталіцкім марскім душпастырствам Stella Maris, якому ў кастрычніку споўніцца 100 гадоў. Яно дзейнічае сёння ў больш чым 300 партах у 55 краінах свету.

“Mолімся за ўсіх людзей, якія працуюць і жывуць на моры, у тым ліку маракоў, рыбакоў і іх сем’і”, - агучыў Францішак сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень.
 

04 жніўня 2020, 18:08