Пошук

Vatican News

Святы Айцец: Касцёл у кожнай эпосе пераадольваў буры

Давяраць Богу заўсёды, асабліва ў гадзіну выпрабаванняў і непакою, - заклікаў Папа 9 жніўня 2020 г. у разважанні да “Анёл Панскі”. Вера – гэта звернутае да Бога сэрца, - нагадаў ён.

Падставай да рэфлексіі стала Евангелле ХІХ Звычайнай нядзелі (Мц 14, 22-33), якое распавядае пра Хрыста, Які ідзе па водах бурлівага возера. Накарміўшы натоўп пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі, Збаўца загадвае вучням сесці ў човен і вярнуцца на другі бераг. Сам жа адпускае людзей, а потым ідзе, каб памаліцца ў самоце, “паглыбіцца ў зносіны з Айцом”.

Францішак нагадаў, што падчас начнога перасячэння возера лодка вучняў была заблакавана раптоўнай бурай. Яны ўбачылі асобу, якая ішла да іх па вадзе. У шоку апосталы падумалі, што гэта прывід і закрычалі ад страху. Езус супакойвае іх: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся!”. Тады Пётр адказвае: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”. І Езус кажа яму: Ідзі!”. Пётр выходзіць з лодкі і робіць некалькі крокаў, а калі вецер і хвалі палохаюць яго, пачынае тануць. “Пане, ратуй мяне!”, - крычыць ён. Езус бярэ яго за руку і кажа: “Малаверны, чаму засумняваўся ты?”.

“Гэтая гісторыя – запрашэнне давяраць Богу ў кожны момант нашага жыцця, асабліва ў гадзіну выпрабаванняў і непакою. Калі мы адчуваем моцныя сумневы і страх і нам здаецца, што ідзём на дно, не трэба саромецца крычаць, як Пётр: “Пане, ратуй мяне!”

, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец запрасіў паразважаць пра жэст Хрыста – яго працягнутую руку. “Езус – гэта рука Айца, якая ніколі не адпускае нас. Моцная і верная рука Айца, Які заўсёды і выключна хоча карысці для нас. Бог – гэта не ўраган, не агонь, не землятрус, як гаворыцца ў сённяшнім аповедзе пра прарока Іллю. Бог – ціхі вецер, які не навязвае сябе, але просіць слухаць (1 Вал 19, 11-13)”.

“Верыць – гэта ў разгар буры трымаць сваё сэрца звернутым да Бога, да Яго любові, да Яго пяшчоты як Айца. Езус хацеў навучыць гэтаму Пятра і вучняў, а таксама і нас сёння. Ён добра ведае, што наша вера слабая (...) і што на нашым шляху могуць узнікаць буры і перашкоды, учыненыя неспрыяльнымі сіламі. Але Ён – Уваскрослы, Пан, Які перамог смерць, каб прывесці нас да збаўлення. Яшчэ перад тым, як мы пачнём Яго шукаць, Ён ужо побач з намі. І падняўшыся з нашых падзенняў, гэта прымушае нас расці ў веры”, - адзначыў Францішак.

“Лодка ў буры – гэта вобраз Касцёла, які ў кожнай эпосе сутыкаецца з вятрамі, часам вельмі цяжкімі выпрабаваннямі: тут варта ўзгадаць пра выпадкі доўгага і горкага пераследу мінулага стагоддзя і цяперашняга часу. У гэтых сітуацыях можа з’явіцца спакуса падумаць, што Бог пакінуў нас. Але на самой справе менавіта ў гэтыя хвіліны сведчанне веры, любові і надзеі найбольш яскравае. Менавіта прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў яго Касцёле дае ласку сведчання аж да мучаніцкай смерці, з якой прарастаюць новыя хрысціяне і плён згоды і міру для ўсяго свету”, - заўважыў Папа.

Пантыфік завяршыў сваё разважанне зваротам да Багародзіцы: “Няхай заступніцтва Марыі дапаможа нам захоўваць веру і братэрскую любоў, калі цемра і буры жыцця падрываюць наш давер да Бога”.
 

09 жніўня 2020, 12:09