Пошук

Vatican News
Папа Францішак і Вялікі імам Ахмед Эль Таеб Папа Францішак і Вялікі імам Ахмед Эль Таеб  (ANSA)

Святы Айцец правёў тэлефонную размову з імамам Аль-Азхар

30 чэрвеня 2020 г. Святы Айцец Францішак правёў тэлефонную размову з Вялікім імамам універсітэта “Аль-Азхар” у Каіры шэйхам Ахмедам Эль Таебам.

“Я меў радасць паразмаўляць з маім братам папам Францішкам”, - напісаў суніцкі лідар на сваёй старонцы ў “Facebook”.

Паводле егіпецкіх СМІ, гаворка ішла пра супольныя высілкі, накіраваныя на падтрымку міру ў свеце, заканчэнне войнаў і ўмацавання братэрства паміж людзьмі. Суразмоўцы пагадзілі працягваць заклікаць да сусветнай салідарнасці, якая павінна прынесці палёгку людзям, якія пацярпелі ад пандэміі каронавіруса.

“Аль-Азхар” – адзін з старажытнейшых і самых прэстыжных мусульманскіх універсітэтаў у свеце. Вялікага імама гэтай навучальнай установы, шэйха Ахмеда Эль Таеба, лучаць з Францішкам сяброўскія адносіны. Яны некалькі разоў сустракаліся ў Ватыкане, а ў красавіку 2017 г. Папа наведваў егіпецкі ўніверсітэт, дзе ўзяў удзел у міжнароднай мірнай канферэнцыі.

4 лютага 2019 г. Святы Айцец і шэйх Эль Таеб падпісалі ў Абу-Дабі, сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, сумесную Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні. У дакуменце рашуча асуджаецца тэрарызм і насілле, гучыць заклік да пашырэння талерантнасці і міру ў свеце, абароны правоў кожнага чалавека, асабліва жанчын і дзяцей. Дэкларацыя ўвайшла ў вучэбную праграму ў школах і ўніверсітэтах Арабскіх Эміратаў.

За намаганні па забеспячэнні міру ў свеце абодва рэлігійныя лідары сталі першымі лаўрэатамі Прэміі чалавечага братэрства (Human Fraternity Award), заснаванай эмірам Дубая Мухамедам бэн Рашыдам.
 

01 ліпеня 2020, 11:15