Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа памоліцца за мігрантаў у гадавіну візіту на Лампедузу

8 ліпеня 2020 г. Францішак узначаліць св. Імшу з нагоды сёмай гадавіны яго візіту на востраў Лампедуза. Літургія пройдзе ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што па прычыне надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Эўхарыстыі прымуць удзел толькі супрацоўнікі Секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Візіт на Лампедузу стаў першым падарожжам Францішка за межы Рыма пасля яго абрання на Пасад св. Пятра. Ён адбыўся 8 ліпеня 2013 г.

Невялікі італьянскі востраў у Міжземным моры ў 2000-я гады ператварыўся ў перавалачны пункт для мігрантаў з Афрыкі, якія рэгулярна прыбываюць на Лампедузу ў перапоўненых лодках і шлюпках у надзеі перасяліцца ў Еўропу і пачаць там новае жыццё. Многія гінуць падчас такіх плаванняў. На востраве пабудаваны спецыяльныя лагеры для мігрантаў, у якіх ім прадастаўляецца медыцынская дапамога, часовае жыллё, ежа. Новая хваля перасяленцаў з краін Паўночнай Афрыкі хлынула на Лампедузу пасля так званай “арабскай вясны” 2011 года.

Пілігрымкай на востраў Папа хацеў звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на лёсы гэтых людзей і трагічныя выпадкі гібелі мігрантаў і бежанцаў. У гаміліі падчас св. Імшы, якая прайшла на мясцовым стадыёне, ён казаў, што прыбыў на востраў, “каб маліцца, прадэманстраваць блізкасць, але і абудзіць наша сумленне, каб тое, што адбылося, больш не паўтарылася”. У порце Лампедузы Святы Айцец кінуў у ваду вянок у памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці ў моры, а таксама сустрэўся з групай мігрантаў.

Кожны год, на ўспамін свайго падарожжа на востраў, Францішак цэлебруе св. Імшу ў інтэнцыі мігрантаў і бежанцаў, заклікаючы перамагчы “глабалізацыю абыякавасці”, быць больш гасціннымі і адказнымі за вырашэнне праблем, якія прымушаюць тысячы людзей пакідаць родную зямлю.

07 ліпеня 2020, 10:56