Пошук

Vatican News
Папа падчас "Анёл Панскі" Папа падчас "Анёл Панскі"  (Vatican Media)

Папа: Валадарства Нябеснае – гэта супрацьлегласць лішнім рэчам

Папа прысвяціў сваё разважанне перад малітвай “Анёл Панскі” двум прыпавесцям пра Валадарства Нябеснае з Евангелля св. Мацвея (13, 44-52). Езус – гэта схаваны скарб і каштоўная пярліна, - адзначыў ён.

Францішак заўважыў, што “рэакцыя тых, хто знайшоў пярліну і скарб, практычна супадае: мужчына і гандляр прадаюць усё, каб купіць самае дарагое цяпер для іх”.

“З дапамогай двух прыпавесцяў Езус прапануе нам уключыцца ў будаўніцтва Валадарства Нябеснага, гаворачы пра адну з яго асноўных рыс: людзі, якія цалкам прысвячаюць сябе Валадарству, гатовыя паставіць на яго ўсё. (...) З гэтага можна зрабіць выснову, што пабудова Валадарства патрабуе не толькі ласкі Божай, але і актыўнай гатоўнасці чалавека”, - адзначыў Пантыфік 26 ліпеня 2020 г.

Жэсты мужчыны і купца, якія імкнуцца набыць больш каштоўныя скарбы, пазбаўляючы сябе сваіх тавараў, з’яўляюцца рашучымі і радыкальнымі, - заўважыў Францішак. Больш за тое, яны робяць гэта з радасцю.

“Мы закліканы прыняць стаўленне гэтых дзвюх евангельскіх асоб, каб таксама стаць актыўнымі шукальнікамі Валадарства Нябеснага. Гаворка ідзе пра тое, каб адмовіцца ад цяжару нашых мірскіх гарантый, якія перашкаджаюць нам шукаць і будаваць Валадарства: прагі да валодання, прагі да прыбытку і ўлады, мыслення толькі пра сябе”

, - сказаў Папа.

Францішак лічыць, што “ў наш час жыццё некаторых людзей можа быць пасрэдным і сумным, таму што яны часта не ідуць на пошукі сапраўднага скарбу: здавольваюцца прывабнымі, але эфемернымі рэчамі, яркія агні якіх ілюзорныя, паколькі пакідаюць пасля сябе цемру”.

“Валадарства Нябеснае – гэта супрацьлегласць лішнім рэчам, якія прапануе свет, супрацьлегласць сумнаму жыццю: гэта скарб, які кожны дзень абнаўляе жыццё і прыводзіць яго да пашырэння кругагляду. Тыя, хто знайшоў гэты скарб, маюць творчае і дапытлівае сэрца, якое не паўтараецца, а хутчэй вынаходзіць, вышукваючы і пракладваючы новыя шляхі, што вядуць нас да таго, каб любіць Бога, любіць іншых і па-сапраўднаму любіць сябе”

, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Францішак перакананы, што “Езус, Які з’яўляецца схаваным скарбам і каштоўнай пярлінай, не можа не натхняць радасцю, усёй радасцю свету: радасцю адкрыцця сэнсу ў жыцці, радасцю рэалізацыі сябе ў прыгодзе святасці”.

На заканчэнне Папа звярнуўся з малітвай да Дзевы Марыі і папрасіў яе дапамагчы хрысціянам у пошуку скарбу Валадарства Нябеснага.
 

26 ліпеня 2020, 12:35