Пошук

Vatican News

Ватыкан: унутраная дамова па барацьбе з фінансавымі злачынствамі

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла 17 чэрвеня 2020 г. аб падпісанні Пратакола аб узаемаразуменні паміж Бюро фінансавай інфармацыі і Упраўленнем генеральнага рэвізора.

Пагадненне прадугледжвае больш актыўнае супрацоўніцтва паміж гэтымі двума ватыканскімі структурамі, мэта якіх заключаецца ў барацьбе з фінансавымі злачынствамі, звязанымі з адмываннем грошай, фінансавым тэрарызмам і карупцыяй.

Дамова “павінна ўмацаваць ужо існуючыя блізкія адносіны супрацоўніцтва паміж двума структурамі, у тым ліку з дапамогай правядзення перыядычных сустрэч, як на стратэгічным, так і на аператыўным узроўнях”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку.

Падкрэсліваецца, што Пратакол аб узаемаразуменні дазволіць лепш выконваць функцыі, ускладзеныя ватыканскай сістэмай на Бюро фінансавай інфармацыі ў сферы барацьбы з адмываннем грошай і фінансавым тэрарызмам і Упраўленнем генеральнага рэвізора ў сферы барацьбы з карупцыяй.

Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан было заснавана Бэнэдыктам XVI у 2010 г. Яго мэта ў наглядзе і фінансавай разведцы для папярэджання фінансавых злачынстваў.

Упраўленне генеральнага рэвізора з’яўляецца галоўным антыкарупцыйным органам Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Яго заснаваў Францішак у 2014 г. Генеральны рэвізор, якога прызначае сам Папа, мае шырокія паўнамоцтвы па правядзенні праверак любога органу Святога Пасаду і Ватыкана ў любы час.
 

18 чэрвеня 2020, 10:54