Пошук

Vatican News

Папа падчас “Анёл Панскі” пра два плёны Эўхарыстыі

Эўхарыстыя мае два плёны: адзінства з Хрыстом і адзінства паміж намі, - сказаў Францішак перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 14 чэрвеня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Сёння ў Італіі і іншых краінах святкуецца ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста, Corpus Domini. У другім чытанні сённяшняй літургіі св. Павел апісвае эўхарыстычную цэлебрацыю (пар. 1Кар 10,16-17). Ён падкрэслівае два плёны ўдзелу ў келіху і ламання хлеба: містычны і супольны.

Спачатку апостал сцвярджае: “Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста?”. Гэтыя словы выражаюць містычны ці духоўны плён Эўхарыстыі: ён тычыцца адзінства з Хрыстом, які ў хлебе і віне дорыць сябе дзеля збаўлення ўсіх. Езус прысутнічае ў сакрамэнце Эўхарыстыі, каб быць нашым пасілкам, каб мы маглі прыпадабняцца да Яго, а Ён мог станавіцца ў нас той сілай, што аднаўляе, што вяртае сілу і жаданне зноў пачынаць шлях, пасля кожнага прыпынку ці падзення. 

“Але гэта патрабуе нашай згоды, нашай гатоўнасці дазволіць Яму перамяніць нас, наш спосаб мыслення і дзеяння; у адваротным выпадку эўхарыстычныя цэлебрацыі, у якіх прымаем удзел, будуць зведзены да пустых і фармальных абрадаў. Часта людзі ідуць на св. Імшу ў якасці абавязку, сацыяльнага дзеяння, да якога адносяцца з павагай. Але таямніца, гэта нешта іншае: гэта Езус, які прыходзіць, каб умацаваць нас...”

Другі плён – супольны. Ён выражаны св. Паўлам такімі словамі: “Адзін ёсць хлеб, адно Цела – мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба”. Гаворка ідзе пра ўзаемнае адзінства тых, хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, каб станавіліся адным целам паміж сабой, як адзіным ёсць хлеб, які ламаецца і раздаецца. Мы з'яўляемся супольнасцю, якая сілкуецца Целам і Крывёй Хрыста. Адзінства з целам Хрыста – гэта плённы знак еднасці, адзінства, дзялення. Немагчыма ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, не клапоцячыся пра шчырае ўзаемнае братэрства. Але Пан добра ведае, што нашых чалавечых сіл не дастаткова для гэтага. Больш за тое, ён ведае, што паміж Яго вучнямі заўсёды будзе існаваць спакуса суперніцтва, зайздрасці, прадузятасці, падзела. 

“Таксама і па гэтай прычынае Ён пакінуў Сакрамэнт сваёй рэальнай, канкрэтнай і пастаяннай Прысутнасці, каб застаючыся паяднанымі з Ім, мы маглі заўсёды атрымліваць дар братэрскай любові. “Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян 15,9), сказаў Ён; і гэта магчыма дзякуючы Эўхарыстыі. Заставацца ў сяброўстве, любові.”

Гэта двайны плён Эўхарыстыі: адзінства з Хрыстом і адзінства паміж тымі, хто сілкуецца Ім, пастаянна стварае і аднаўляе хрысціянскую супольнасць. Касцёл стварае Эўхарыстыю, але яшчэ больш важна тое, што Эўхарыстыя стварае Касцёл, і дазваляе яму быць яе місіяй, яшчэ перш, чым спаўняць яе. Вось таямніца адзінства, Эўхарыстыі: прымаць Езуса, каб перамяніў нас унутры і ствараў паміж намі еднасць, а не падзелы.

Няхай Найсвяцейшая Панна дапаможа нам прымаць заўсёды са здзіўленнем і ўдзячнасцю вялікі дар, які Езус зрабіў для нас, пакінуўшы нам сакрамэнт свайго Цела і Крыві”.
 

14 чэрвеня 2020, 12:20