Пошук

Vatican News

Святы Айцец звярнуўся да марскога персаналу з пасланнем

Францішак скіраваў 17 чэрвеня 2020 г. відэазварот да марскога персаналу і іх сем’яў. Ён падкрэсліў важнасць іх працы ў няпросты для планеты час пандэміі і нагадаў пра рызыкі, звязаныя з ёй.

Пантыфік падзякаваў работнікам сектару за “забеспячэнне вялікай чалавечай сям’і прадуктамі харчавання і задавальненне яе іншых першасных патрэб”.

“У апошнія месяцы ваша жыццё і праца значна змяніліся, і вы сутыкнуліся – і да гэтага часу сутыкаецеся – з многімі ахвярамі, вялікімі адлегласцямі на борце карабля, не маючы магчымасці выйсці на бераг. Расстанне з сем’ямі, сябрамі і роднымі краінамі, асцерагаючыся заражэння – усё гэта, як ніколі, лягло вялікім цяжарам на вас”, - заўважыў Францішак.

“Я хацеў бы сказаць усім: ведайце, што вы не самотныя і што пра вас не забыліся. Ваша праца ў моры часта аддзяляе вас ад іншых, але вы блізкія мне ў маіх думках і малітвах, блізкія вашым капеланам і валанцёрам Stella Maris. Само Евангелле нагадвае нам пра гэта, калі кажа пра Езуса з Яго першымі вучнямі, якія ўсе, як і вы, былі рыбакамі”

, - напісаў Пантыфік.

Папа прызнаўся, што сваім пасланнем і малітвай хоча пасяліць надзею ў душах людзей мора, суцешыць іх перад любымі цяжкасцямі, якія давядзецца перажыць. “Я таксама хацеў бы перадаць слова падтрымкі ўсім, хто працуе ў аказанні душпастырскай апекі марскому персаналу”, - напісаў ён.

Трэба нагадаць, што Каталіцкае марское душпастырства Stella Maris, якое нядаўна адзначыла сваё 100-годдзе, дзейнічае сёння ў больш чым 300 партах у 55 краінах свету.

17 чэрвеня 2020, 16:55