Пошук

Vatican News

Папа: пандэмія выкрыла ілюзорнасць пачуцця самадастатковасці

Прыйшоў час выкарыстаць пазітыўную энергію, якая падчас пандэміі ўвасобілася ў “шматлікіх сведчаннях шчодрай і бескарыслівай любові”, - перакананы Святы Айцец.

20 чэрвеня 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю італьянскага рэгіёну Ламбардыя, аднаго з найбольш пацярпелых ад пандэміі каронавіруса. У склад дэлегацыі ўвайшлі біскупы і медыкі рэгіёну на чале з яго губернатарам.

Звяртаючыся да гасцей, Пантыфік падкрэсліў велікадушнасць і руплівасць шматлікіх сацыяльных груп і супольнасцей Італіі ў супрацьстаянні пандэміі. Медыкаў ён назваў “бачным знакам чалавечнасці, якая распальвае сэрцы”, “маўклівымі рамеснікамі культуры блізкасці і пяшчоты”.

Па словах Францішка, для многіх пацыентаў яны сталі сапраўднымі “анёламі”, якія дапамагалі вярнуць здароўе, суцяшалі, падтрымлівалі, а для ахвяр пандэміі нярэдка станавіліся апошнімі зямнымі спадарожнікамі ў хвіліны адыходу ў вечнасць.

“Многія з медыцынскіх работнікаў загінулі на полі бітвы, выконваючы сваю прафесію. Памятаем пра іх у малітве з вялікай удзячнасцю”

, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў перакананне, што прыйшоў час выкарыстаць усю гэту пазітыўную энергію, зыходзячы “са шматлікіх сведчанняў шчодрай і бескарыслівай любові”, якія пакінулі глыбокі след у свядомасці грамадства, выявіўшы вялікую патрэбу “ў блізкасці, клопаце і ахвярнасці, каб жывіць братэрства і мірнае суіснаванне”.

“Бог стварыў нас для супольнасці, для братэрства, і сёння, як ніколі, выявілася ілюзорнасць прэтэнзіі на спадзяванне ва ўсім на сябе, на індывідуалізм як кіруючы прынцып грамадства. Але будзем уважлівымі! Як толькі міне крытычная сітуацыя, лёгка (…) ізноў паддацца гэтай ілюзіі”

, - перасцярог Францішак.

Маліцца да Бога – вось што не ілюзорна, бо “малітва – гэта душа надзеі, - дадаў ён.

Нарэшце, Пантыфік адзначыў “душпастырскую руплівасць і творчыя намаганні святароў”, якія “дапамаглі людзям працягваць шлях веры і не заставацца аднымі перад абліччам болю і страху”.

Падсумоўваючы, Святы Айцец сказаў, што праца медыкаў, валанцёраў, святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў распачала сапраўдны цуд, і пажадаў, каб ён прынёс добры плён.

Францішак даручыў прысутных апецы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а потым асабіста падышоў да кожнага з іх, каб прывітаць і выказаць падзяку.

20 чэрвеня 2020, 13:11