Пошук

Vatican News

Папа падчас агульнай аўдыенцыі: спрачацца з Богам, давяраючы Яму

Абрагам сваім жыццём вучыць нас шляху, на якім вера становіцца гісторыяй, дзе існуе мужнасць паверыць у абяцанне, дадзенае Богам, - на гэта звярнуў увагу Папа 3 чэрвеня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Традыцыйная сустрэча, з прычыны пандэміі каронавіруса, прайшла ў форме відэатрансляцыі з Прыватнай бібліятэкі ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, Францішак звярнуў увагу на прыклад веры Абрагама. Ён нагадаў, што ў жыцці Патрыярха раптоўна прагучаў голас, які заклікаў яго пакінуць родную зямлю і ісці ў кірунку новай будучыні. “І ўсё гэта толькі на падставе абяцання, якому трэба было паверыць. Паверыць абяцанню нялёгка, патрэбна мужнасць, і Абрагам даверыўся”, - зазначыў Папа.

Пантыфік заўважыў, што Біблія не распавядае пра мінулае Абрагама. Магчыма, ён пакланяўся іншым бажаствам; магчыма быў мудрацом, які меў звычку ўглядацца ў неба і зоркі. І Бог паабяцаў, што яго патомства будзе такім шматлікім, як колькасць зорак на небе.

Францішак нагадаў, што Абрагам выйшаў у дарогу, слухаючы Бога і давяраючы Яго слову. Такім чынам узнікла новае разуменне адносін з Богам і менавіта па гэтай прычыне патрыярх Абрагам прысутнічае ў юдэйскай, хрысціянскай і мусульманскай духоўных традыцыях як дасканалы Божы чалавек, паслухмяны Богу, нават калі Яго воля здаецца цярністай, ці незразумелай.

“Таму Абрагам – гэта чалавек Божага слова. Калі Бог прамаўляе, чалавек становіцца тым, хто прымае гэта слова, а яго жыццё – месцам, дзе яно жадае ўцелавіцца. Вось вялікая навіна рэлігійнага шляху чалавека: жыццё верніка пачынае ўспрымацца як пакліканне; як месца, дзе спаўняецца абяцанне. І ён рухаецца ў свеце не столькі пад цяжарам таямніцы, але з сілай гэтага абяцання, якое аднойчы споўніцца.”

, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што Кніга Быцця паказвае жыццё Абрагама малітвай і пастаяннай вернасцю таму слову, якое перыядычна аб’яўлялася на яго шляху.

“Абагульняючы мы можам сказаць, што ў жыцці Абрагама вера стала гісторыяй. Больш за тое: Абрагам сваім жыццём і прыкладам вучыць нас шляху, на якім вера становіцца гісторыяй. Бог больш не ўспрымаецца ў якасці касмічнай з’явы; Ён больш не Бог далёкі, што можа наводзіць страх”, - сказаў Пантыфік.

“Бог Абрагама стаў “маім Богам”, Богам маёй асабістай гісторыі, Які кіруе маімі крокамі, Які мяне не пакідае, стаў Богам маіх дзён, спадарожнікам у маіх прыгодах, стаў Богам Провіду”

, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што пра досвед Абрагама сведчыць філосаф Блез Паскаль, які нават запісаў дакладную дату, калі адчуў прысутнасць Бога ў сваім жыцці. “Гэта не быў абстрактны ці касмічны Бог. Гэта быў Бог чалавека, паклікання, Бог Абрама, Ісака, Якуба... Бог, Які з’яўляецца ўпэўненасцю, пачуццём, радасцю”, - звярнуў увагу Папа.

Паводле Францішка, малітва Абрагама выражаецца ў канкрэтных дзеяннях: на сваім шляху ён будаваў каменныя алтары, якія нагадвалі пра месцы, дзе прайшоў Бог. Гаворка ідзе пра Бога, Які здзіўляе. Так адбылося з абвяшчэннем нараджэння Ісака ў Абрагама і Сары. “Абрагам меў сто гадоў, а яго жонка – каля дзевяноста. Але яны паверылі, даверыліся Богу, і Сара зачала”, - заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Абрагам часам вёў дыскусію з Богам, але заставаўся верным, нават да гатоўнасці прынесці ў ахвяру ўласнага сына.

“Тут Абрагам перажыў веру як драму, як шлях навобмацак ноччу, пад небам, на якім, на гэты раз, не было зорак. І вельмі часта так адбываецца і з намі, мы крочым у цемры, але з верай. Бог сам стрымаў руку Абрагама, які ўжо быў гатовы нанесці ўдар, бо ўбачыў яго поўную гатоўнасць”

, - нагадаў Францішак.

“Браты і сёстры, навучымся ад Абрагама маліцца з верай: слухаць Пана, крочыць, весці дыялог, які можа пераўтварыцца ў дыскусію. Не будзем баяцца дыскуціраваць з Панам”, - заклікаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што часам размова з Богам можа пераўтварыцца ў спрэчку, як гэта адбываецца ў размове паміж бацькамі і дзецьмі. “Навучымся размаўляць з Богам як сын з бацькам; слухаць Яго, адказваць, дыскутаваць, з адкрытасцю. Менавіта такой малітве нас вучыць Абрагам”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

03 чэрвеня 2020, 12:11