Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. На гэты раз ён засяродзіў увагу на асобе караля Давіда.
Святы Айцец заўважыў, што “Давід быў выбраны для выключнай місіі, якая атрымала цэнтральную ролю ў гісторыі Божага народу і нашай веры”. Езус шмат разоў называецца “Сынам Давіда”. Яны абодва нарадзіліся ў Бэтлееме. З нашчадкаў Давіда, паводле абяцання, павінен быў прыйсці Месія: “Валадар , які будзе адпавядаць сэрцу Бога, застанецца ў дасканалай паслухмянасці Айцу, дзейнасць якога будзе верным спаўненнем Яго задумы збаўлення”.
Гісторыя Давіда пачалася на пагорках ля Бэтлеема, дзе пасвіў статак свайго бацькі. Ён быў яшчэ хлопцам, адным з некалькіх братоў. Калі прарок Самуэль, па загадзе Бога, пачаў шукаць новага караля, здавалася, што яго бацька забыўся пра існаванне свайго самага малодшага сына.
“Такім чынам Давід, у першую чаргу, быў пастырам: чалавекам, які клапаціўся пра жывёл, бараніў іх ад небяспекі, турбаваўся пра іх утрыманне. Калі Давід, згодна з воляй Бога, павінен быў клапаціцца пра народ, гэта не вельмі адрознівалася ад дадзенай сітуацыі. І таму ў Бібліі часта ўзгадваецца вобраз пастыра. Таксама і Езус называў сябе “Добрым пастырам”, яго паводзіны былі адрознымі ад паводзін наёмніка. Ён ахвяраваў сваё жыццё за авечак, вядзе іх, ведае па імені кожную з іх”, - падзяліўся Папа.
Другая тыповая рыса, прысутная ў пакліканні Давіда, гэта яго паэтычная душа. Давід не быў вульгарным чалавекам, як бывае з асобамі, якія на працягу доўгага часу жывуць у ізаляцыі. У яго засталася пачуццёвасць: любіў музыку і спевы. Ліра спадарожнічала яму заўсёды: часам, каб узнесці да Бога радасны гімн; часам, каб выразіць плач, ці вызнаць уласны грэх, - заўважыў Папа.
“Свет, які стаяў перад яго вачыма, не быў бязмоўнай сцэнай: за бегам рэчаў яго позірк умеў заўважыць больш вялікую таямніцу. Малітва нараджаецца менавіта з гэтага: з упэўненасці ў тым, што жыццё – гэта не тое, што звальваецца на нас, але цудоўная таямніца, якая ў нас абуджае паэзію, музыку, удзячнасць, праслаўленне або плач, малітву. Калі ў чалавеку няма паэтычнага вымярэння, калі ў ім няма паэзіі, яго душа становіцца кульгавай. Згодна з традыцыяй, Давід быў вялікім майстрам складання псальмаў. Часта на пачатку яны ўтрымліваюць выразную спасылку на караля Ізраэля і некаторыя больш ці менш высакародныя падзеі яго жыцця”, - сказаў Францішак.
“Святы і грэшнік, той, каго пераследавалі, і той, хто пераследаваў, ахвяра і кат, што з’яўляецца супярэчнасцю. Давід быў усім гэтым. Таксама і мы часта заўважаем у нашым жыцці супярэчныя рысы; на працягу жыцця ўсе людзі часта грашаць непаслядоўнасцю. Але ў жыцці Давіда была адна чырвоная лінія, якая яднала ўсё, што здаралася: малітва”, - звярнуў увагу Папа.
Францішак адзначыў, што Давід вучыць нас уваходзіць у дыялог з Богам: у радасці і граху, любові і пакутах, сяброўстве і хваробе. Усё можа стаць словам, скіраваным да Бога, Які нас слухае заўсёды.
“Давід, які спазнаў самотнасць, на самой справе ніколі самотным не быў! Па сутнасці гэта і ёсць сіла малітвы тых, хто стварае для яе месца ў сваім жыцці: яна здольная забяспечыць адносіны з Богам, сапраўдным Спадарожнікам на шляху чалавека, пасярод тысяч жыццёвых падзей, добрых ці дрэнных...”, - падсумаваў сваю катэхезу Пантыфік.