Пошук

Vatican News

Папа: годнасць для чалавека, хворага ці здаровага, – гэта ўсё

Годнасць чалавека, прабачэнне і багацці Касцёла – на гэтыя тэмы Пантыфік паразмаўляў з дэлегацыяй французскай Асацыяцыі “Lazarus”, якую прыняў у ватыканскім Доме св. Марты.

Сустрэча адбылася з нагоды 10-годдзя дабрачыннага аб’яднання. У ёй прынялі ўдзел 10 чалавек. Іншыя члены руху прысутнічалі на аўдыенцыі віртуальна, дзякуючы спецыяльна наладжанай відэатрансляцыі. Яны мелі магчымасць задаць Святому Айцу пытанні.

Адно з іх тычылася годнасці чалавека, у прыватнасці непаўнаспраўнага. Пантыфік заўважыў, што ты “можаш быць лепшым спартсменам, мець жалезнае здароўе, але калі не маеш годнасці – не варты нічога”, бо годнасць, гэта “умова для добрага жыцця”. Багаты ці бедны, хворы ці здаровы – годнасць, “гэта спосаб жыцця перад Богам і іншымі людзьмі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што ўменне прабачаць можна параўнаць з “білетам у абодва бакі”, таму што мы прабачаем, каб атрымаць прабачэнне. Дараванне нялёгкае, і часам вымагае “цэлага жыцця”, але яно патрэбна для таго, каб мець здаровую душу. У сваю чаргу нянавісць і прага помсты – гэта тое, што збядняе асобу.

Святы Айцец заўважыў, што хрысціян павінен “жыць з Евангеллем у руках і сэрцы”. Жыццё вернікаў павінна быць пастаянным сведчаннем, бо Касцёл развіваецца не дзякуючы празелітызму, а жывому прыкладу веры. У якасці прыкладу такога жыцця ён узгадаў бл. Шарля дэ Фуко, кананізацыя якога павінна адбыцца ў бліжэйшы час.

Адказваючы на пытанне пра тое, “чаму Касцёл такі багаты, калі ў свеце столькі бедных”, Пантыфік нагадаў, што матэрыяльныя рэсурсы ў Касцёле існуюць для дапамогі людзям. Імі трэба распараджацца згодна з Евангеллем. Але калі багатым становіцца Папа, біскуп, святар ці манах – гэта скандальна, бо той, хто ідзе за Хрыстом, павінен быць далёкім ад багаццяў і мець убогае сэрца.

Ініцыятыва “Lazarus”, якая рэалізуецца з 2006 г., дае бяздомным другі шанс. У якасці альтэрнатывы вялікім прытулкам яна прапануе кватэры, дзе разам жывуць ад 6 да 10 чалавек. У кожнага ёсць свая спальня, а кухня, гасцёўня і ванная агульныя. Тут прымаюць бяздомных непасрэдна з вуліцы або з сацыяльных структур. Ім аказваюць рознага роду падтрымку, у тым ліку і адміністрацыйную, дапамагаюць знайсці працу і ўліцца ў нармальнае жыццё. Няма абмежаванняў па часе знаходжання ў такой кватэры. Чалавек застаецца тут пакуль не адчуе ўпэўненасць, што можа функцыянаваць самастойна. Валанцёры ў такіх кватэрах жывуць разам з бяздомнымі.
 

06 чэрвеня 2020, 13:49