Пошук

Vatican News

Папа да Сусветны дзень бедных: малітва і салідарнасць – нераздзельныя

13 чэрвеня 2020 г. было абнародавана пасланне Францішак на IV Сусветны дзень бедных. Яго тэма – словы з Кнігі Мудрасці Сіраха: “Працягні руку тваю да беднага” (Сір 7,32).

Папа нагадаў, што ў старажытнай мудрасці Сіраха знаходзяцца ўказанні для шматлікіх жыццёвых сітуацый, сярод якіх беднасць, “якая заўсёды набывае розныя абліччы” і з’яўляецца месцам магчымай сустрэчы з Езусам Хрыстом. У сітуацыі нястачы трэба мець давер да Бога і праз малітву ўмацоўваць блізкія адносіны з Ім. 

“Пастаянны зварот да Бога не адрывае нашых вачэй ад канкрэтнага чалавека, а нааварот – гэтыя дзве рэчы непарыўна звязаны. Малітва да Бога і салідарнасць з беднымі і тымі, хто пакутуе – нераздзельныя”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў прысвячаць асабісты час дапамозе бедным, ахвяроўваць прыватнымі інтарэсамі, рабіць па-спраўднаму плённымі душпастырскія і сацыяльныя праекты. Важна не займацца самалюбаваннем і не ставіць сябе на першае месца. Мы не можам адчуваць сябе “у парадку”, калі хоць адзін член чалавечай сям’і пакінуты на ўзбочыне і пераўтарыўся ў цень, - перакананы ён.

“Маўклівы крык шматлікіх бедных павінен падштурхнуць Божы народ быць на перадавой, заўсёды і паўсюль, каб даваць ім голас, бараніць іх і салідарызавацца з імі перад абліччам розных форм крывадушнасці і шматлікіх няспоўненых абяцанняў, а таксама, каб заахвочваць іх да ўдзелу ў жыцці грамадства”

, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў, што хрысціяне асаблівым чынам пакліканы клапаціцца пра агульнае дабро, даваць добрае сведчанне, дзяліцца тым, што маюць, імкнучыся не забываць пра нікаго з тых, чыя чалавечнасць была прыніжана праз пазбаўленне іх самага неабходнага. Ён заклікаў да “жэстаў, якія даюць сэнс жыццю”, якія запальваюць надзею і падштурхоўваюць выходзіць за прывычныя рамкі.

Спасылаючыся на сітуацыю, выкліканую пандэміяй каронавіруса, Святы Айцец звярнуў увагу на гераічную і самаахвярную працу медыкаў, санітарных работнікаў, аптэкараў, валанцёраў, святароў – людзей, якія працягнулі свае рукі бедным і хворым. “Усе гэтыя рукі кінулі выклік заразе і страху, каб несці падтрымку і суцяшэнне”, - напісаў ён. Папа заклікаў штодзённа практыкавацца ў міласэрнасці, “пачынаючы з усведамлення таго, наколькі мы самі, у першую чаргу, маем патрэбу ў руцэ, працягнутай да нас”.

Пантыфік заўважыў, што пандэмія прымусіла людзей сустрэцца з пачуццём абмежавання свабоды, страты блізкіх, працы, адчуваннем страху, а таксама таго, наколькі важнай з’яўляецца прастата і скіраванне вачэй на самае галоўнае. Пандэмія дапамагла адчуць патрэбу ў “новым братэрстве”.

“Цяжкія эканамічныя, фінансавыя і палітычныя крызісы не прамінуць пакуль мы будзем дазваляць прабываць у летаргічны сне адказнасці, якую кожны павінен адчуваць за бліжняга і кожнага чалавека”

, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што не заўсёды людзі працягваюць руку, каб дапамагчы беднаму. Некаторыя працягваюць рукі, каб перамяшчаць грошы з адной часткі свету ў другую, “выклікаючы галечу і крах цэлых краін”. Ёсць рукі, што гандлююць зброяй, якую “іншыя рукі, у тым ліку рукі дзяцей, будуць выкарыстоўваюць, каб сеяць смерць і беднасць”. Ёсць рукі, які перадаюць смяротныя дозы, каб абагачацца і жыць у раскошы; ёсць рукі, якія “устанаўліваюць законы, але самі іх не прытрымліваюцца”.

“Мы не можам супакоіцца, пакуль рукі, што сеюць смерць, не пераменняцца ў прыладу справядлівасці і міра для ўсяго свету”, - напісаў Папа. Ён заклікаў заўсёды памятаць пра заканчэнне і мэту нашага жыцця, якой павінна быць толькі любоў.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года. Сёлета ён пройдзе 15 лістапада.
 

13 чэрвеня 2020, 13:30