Пошук

Vatican News

Пантыфік заклікаў да паважання свабоды сумлення

Францішак нагадаў, што хрысціяне першыя павінны даваць прыклад паважання свабоды сумлення, каштоўнасці, якая так часта ігнаравалася на працягу гісторыі.

“Сёння адзначаецца Дзень свабоды сумлення, натхнёны сведчаннем партугальскага дыпламата Арысцідэша дэ Соўза Мендэша. Каля 80-ці гадоў таму ён вырашыў пайсці за голасам свайго сумлення і ўратаваў жыццё тысяч яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцей, якія падвяргаліся пераследу”, - сказаў Папа 17 чэрвеня 2020 г.

“Няхай свабода сумлення паважаецца заўсёды і ўсюды; і няхай кожны хрысціянін дае прыклад паслядоўнасці дзякуючы чыстаму і асвечанаму Божым словам сумленню”, - дадаў Святы Айцец, завяршаючы агульную аўдыенцыю ў Ватыкане.

Арысцідэш дэ Соўза Мендэш, партугальскі дыпламат, выдаў каля 30 тыс. віз уцекачам ад рэжыму нацыстаў. Нярэдка ён асабіста суправаджаў яўрэяў да памежных пунктаў на французска-іспанскай мяжы. За дзейнасць насуперак прамым указанням партугальскага кіраўніцтва Соўза Мендэш быў звольнены са службы. Ён памёр у беднасці ў Лісабоне ў 1954 г. У 1966 г. яго прызналі Праведнікам народаў свету. У 1995 г. быў рэабілітаваны на Радзіме і пасмяротна атрымаў Ордэн Свабоды – адну з самых высокіх узнагарод Партугаліі.
 

17 чэрвеня 2020, 11:57