Пошук

Біскуп Георг Бетцынг Біскуп Георг Бетцынг 

Пантыфік прыняў старшыню епіскапата Германіі

Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане старшыню Канферэнцыі Біскупаў Германіі, біскупа Георга Бетцынга. Іерарх паінфармаваў Папу аб сітуацыі мясцовага Касцёла і наступствах пандэміі.

Пасля сустрэчы са Святым Айцом, якая адбылася 27 чэрвеня 2020 г., старшыня нямецкага епіскапату падзяліўся з прадстаўнікамі СМІ некаторымі падрабязнасцямі аўдыенцыі. Ён заўважыў, што распавёў Папу пра “сінадальны шлях” Каталіцкага Касцёла ў Германіі, падрабязна расказаў пра сітуацыю, якая тычыцца касцёльнай рэформы і паінфармаваў пра далейшыя праекты.

“Францішак высока ацаніў гэтыя мерапрыемствы, якія блізкія яго канцэпцыі сінадальнасці. Я распавёў, што Касцёл у Германіі ідзе ў гэтым напрамку і заўсёды ўсведамляе сваю блізкую сувязь з Паўсюдным Касцёлам”, - сказаў нямецкі біскуп.

“Мы павінны даць адказ на злабадзённыя выклікі, якія стаяць перад Касцёлам, пачынаючы ад рашэння праблемы злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх і заканчваючы несуцяшальнай колькасцю людзей, якія пакідаюць Касцёл. У чэрвені 2019 г. Папа скіраваў пасланне да Божага народу, які пілігрымуе ў Германіі, падтрымаўшы яго і даўшы ўказанні па гэтых пытаннях. Ён будзе і надалей з увагай суправаджаць нас”, - дадаў іерарх.

Старшыня епіскапату выказаў спадзяванне на тое, што досвед сінадальнага шляху Касцёла ў Германіі зробіць важны ўнёсак у ватыканскі Сінод Біскупаў, запланаваны на кастрычнік 2022 г. Яго тэмай будзе менавіта сінадальнасць.

Паводле біскупа Бетцынга, Пантыфік папрасіў Касцёл у Германіі не губляць з поля зроку бедных, пажылых і бежанцаў, а таксама, каб наступствы і досвед пандэміі каронавіруса ўлічваліся ў будучыні.

Падчас двухдзённага візіту ў Рым біскуп Бетцынг сустрэўся таксама з вышэйшым кіраўніцтвам Сінода Біскупаў, Кангрэгацыі Веравучэння, Кангрэгацыі па справах біскупаў, Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама паслом Германіі пры Апостальскай Сталіцы.

 

30 чэрвеня 2020, 09:06