Пошук

Vatican News

Новыя прызначэнні: Папа пашырае прысутнасць жанчын у Ватыкане

Францішак працягвае ажыццяўляць палітыку пашырэння прысутнасці жанчын на кіраўнічых пасадах у Святым Пасадзе і Ватыкане. 12 чэрвеня 2020 г. ён зрабіў чарговы крок на гэтым шляху.

Антанэлу Шаронэ Алібрандзі Папа прызначыў членам Кіраўнічай рады Бюро фінансавай інфармацыі, а Рафаэлу Вінчэнцы, кіраўніком аддзелу ў Апостальскай бібліятэцы. Першая з’яўляецца прафесарам Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане і вядомым экспертам у банкаўскім праве і заканадаўстве аб фінансавых рынках. Другая даўно працуе ў Ватыканскай бібліятэцы на пасадзе сакратара.

Нагадаем, Бюро фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан займаецца фінансавай разведкай для папярэджання і барацьбы з адмываннем грошай і фінансавым тэрарызмам. Яго заснаваў Бэнэдыкт XVI у 2010 г.

Ватыканская апостальская бібліятэка была заснавана ў XV стагоддзі папам Мікалаем V. У яе задачы ўваходзяць: захаванне і ахова культурных каштоўнасцей; папаўненне калекцыі манускрыптамі, кнігамі і прадметамі; даследчая праца і навуковыя публікацыі; супрацоўніцтва з вучонымі з усяго свету.

Францішак неаднойчы заклікаў даць жанчыне годнае месца ў Касцёле і ў грамадстве. Асаблівае значэнне мае прамова Папы на пленарным пасяджэнні Папскай рады па культуры ў лютым 2015 г. на тэму “Жаночыя культуры: роўнасць і адрозненне”. На яго думку, настаў час, каб жанчыны “адчулі сябе не гасцямі, а паўнапраўнымі ўдзельніцамі грамадскага і касцёльнага жыцця”, што з’яўляецца “неадкладным выклікам”. Існуе неабходнасць, лічыць ён, спрыяць іх “больш шырокай і заўважнай прысутнасці ў супольнасцях” і больш актыўнаму залучэнню ў душпастырства.
 

12 чэрвеня 2020, 12:22