Пошук

Vatican News
2020.03.11 Papa Francesco e Madonna Ілюстрацыйнае фота 

Францішак уключыў новыя заклікі ў тэкст Ларэтанскай літаніі

Згодна з рашэннем Святога Айца, у тэкст Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыi (Ларэтанскай) уводзяцца тры новыя заклікі.

У лацінскую версію Літаніі, якая з’яўляецца ўзорам для ўсяго Касцёла, пасля закліку “Маці Касцёла” дадаецца зварот Mater misericordiæ, пасля закліку “Маці ласкі Божай” – зварот Mater spei, пасля закліку “Прытулак грэшных” – зварот Solacium migrantium.

Аб гэтым паведаміла Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у адпаведным лісце да старшыняў нацыянальных Канферэнцый Біскупаў, апублікаваным 20 чэрвеня 2020 г., ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Ва ўступнай частцы дакумента заўважаецца, што “Касцёл, які пілігрымуе да Нябеснага Ерузалема, каб цешыцца непарыўнай еднасцю з Хрыстом, сваім Абраннікам і Збаўцам, вандруе сцежкамі гісторыі, даручаючы сябе Той, якая паверыла слову Пана” і што “вучні Езуса з самага пачатку навучыліся праслаўляць „благаслаўлёную між жанчынамі“ і разлічваць на Яе матчына заступніцтва”.

“На працягу стагоддзяў хрысціянская пабожнасць надала незлічоную колькасць тытулаў і заклікаў Дзеве Марыі – прывілеяванай і надзейнай дарозе, якая вядзе да сустрэчы з Хрыстом. Таксама і ў наш час, пазначаны няпэўнасцю і разгубленасцю, у народзе Божым асабліва адчувальны пабожны зварот да Яе, поўны любові і даверу”

, - гаворыцца ў лісце.

Таму Святы Айцец Францішак, “з’яўляючыся выразнікам гэтага пачуцця і прымаючы выказаныя пажаданні”, прадпісаў дадаць у тэкст Літаніі да Найсвяцейшай Дзевы Марыі тры ўзгаданыя вышэй заклікі.

Сваім зместам яны падкрэсліваюць моц Марыі як крыніцы міласэрнасці і надзеі, а таксама суцяшэння для бежанцаў і мігрантаў і, такім чынам, з’яўляюцца вельмі сугучнымі з пантыфікатам Францішка, які прыкладае вялікія намаганні для пашырэння культу Божай Міласэрнасці і прысвячае шмат часу, высілкаў і сродкаў для падтрымкі і абароны правоў мігрантаў.

Дастаткова ўзгадаць, што ў 2015 г. Пантыфік абвясціў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, а ў 2016 г. заснаваў Дыкастэрыю па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, у рамках якой асабіста ўзначаліў Секцыю па пытаннях мігрантаў і бежанцаў.

Беларуская версія трох новых заклікаў павінна быць зацверджана Канферэнцыяй Біскупаў у Беларусі ў адпаведнасці з 826 Канонам касцёльнага заканадаўства, які рэгулюе паўнамоцтвы дыяцэзіяльных біскупаў.

Гісторыя Ларэтанскай літаніі бярэ пачатак у ХІІ ст. За гэты час яе змест ужо не раз узбагачаўся новымі заклікамі. Так, напрыклад, у 1995 г. св. Ян Павел ІІ увёў у яе тытул “Каралева сем’яў”, а беларускамоўная версія малітвы, згодна з рашэннем Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі, з 1 мая 2018 г. папоўнілася заклікам “Каралева Беларусі”.

20 чэрвеня 2020, 14:56