Пошук

Vatican News

Пантыфік: “вызнаваць Езуса перад людзьмі” – умова збаўлення

Адзінае, чаго павінен баяцца вучань Хрыста, – адмовіцца жыць паводле Евангелля, бо гэта вядзе да маральнай смерці, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі” 21 чэрвеня 2020 г. у Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

У Евангеллі гэтай нядзелі (гл. Мц 10,26-33) гучыць запрашэнне не баяцца, быць трывалымі і поўнымі даверу перад абліччам жыццёвых выклікаў, з якім Езус звяртаецца да сваіх вучняў, папярэджваючы іх адносна нягод, якія іх чакаюць. Сённяшні ўрывак з’яўляецца часткай місійнай пропаведзі, якой Настаўнік рыхтуе Апосталаў да першага вопыту абвяшчэння Божага Валадарства. Ён настойліва заклікае іх “не баяцца”: страх – адзін з самых выродлівых ворагаў нашага хрысціянскага жыцця, і Езус заклікае: “Не бойцеся”. Ён апісвае тры канкрэтныя сітуацыі, з якімі ім давядзецца сутыкнуцца.

Першая, варожасць тых, хто хацеў бы прымусіць змоўкнуць Божае Слова, падсалоджваючы яго або вымушаючы маўчаць тых, хто яго абвяшчае.

У гэтым выпадку Езус заахвочвае Апосталаў распаўсюджваць пасланне збаўлення, якое Ён даручыў ім. Пакуль Ён перадаў яго асцярожна, амаль патаемна малой групе вучняў. Аднак яны павінны будуць казаць “пры святле” – адкрыта, і абвяшчаць Яго Евангелле “на дахах” – публічна.

Другая цяжкасць, якую сустрэнуць місіянеры Хрыста, – гэта фізічная пагроза супраць іх, іншымі словамі, іх непасрэдны пераслед, аж да забойства.

Гэтае прароцтва Езуса збываецца ва ўсе часы: гэта балючая рэчаіснасць, аднак яна дэманструе вернасць сведак. Колькіх хрысціян пераследуюць і сёння ва ўсім свеце! Яны пакутуюць дзеля Евангелля і з любоўю, то гэта мучанікі нашых дзён. Сёння больш мучанікаў, чым у першыя стагоддзі. Іх забіваюць толькі за тое, што вераць у Хрыста. Гэтым учарашнім і сённяшнім вучням, якія зносяць пераслед, Езус раіць: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць” (Мц 10, 28). Не трэба баяцца тых, хто намагаецца загасіць евангелізацыйную моц высакамернасцю і жорсткасцю. Сапраўды, яны нічога не могуць зрабіць супраць душы – супраць лучнасці з Богам: ніхто не можа адабраць яе ў вучняў, таму што гэта Божы дар. Адзіны страх, які павінен мець вучань, – гэта страх згубіць гэты Боскі дар, блізкасць, сяброўства з Богам, адмовіўшыся жыць паводле Евангелля і такім чынам забяспечыўшы сабе маральную смерць, вынік граху.

Трэці від выпрабавання, з якім сутыкнуцца Апосталы, Езус бачыць у пачуцці, якое некаторыя могуць перажыць, нібы сам Бог іх пакінуў, застаўшыся далёкім і маўклівым.

Таксама і цяпер Ён заклікае не баяцца, бо жыццё вучняў, хоць і зазнае гэтыя і іншыя спакусы, трывала застаецца ў руках Бога, Які любіць і ахоўвае нас.

Тры спакусы: падсаладзіць Евангелле, падліць яго; пераслед; адчуванне, што Бог пакінуў нас. Езус таксама падвергся гэтаму выпрабаванню ў Садзе Аліўным і на крыжы: “Ойча, чаму Ты пакінуў мяне?”. Часам мы адчуваем гэту духоўную сухасць. Мы не павінны гэтага баяцца. Айцец клапоціцца пра нас, таму што вялікая нашая вартасць у Яго вачах. Важнасць мае шчырасць і мужнасць сведчання веры: “вызнаваць Езуса перад людзьмі” і працягвай рабіць дабро.

Найсвяцейшая Дзева Марыя, узор вернасці і даверу Богу ў час выпрабавання і небяспекі, дапамажы нам ніколі не паддавацца роспачы, але заўсёды давярацца Яму і Яго ласцы, бо ласка Божая заўсёды мацнейшая за зло”, - завяршыў катэхезу Францішак.

Завяршаючы сваю традыцыйную нядзельную сустрэчу з вернікамі, Папа папрасіў аб малітве за сваё служэнне.

21 чэрвеня 2020, 12:47