Пошук

Vatican News

Папа пра малітву: “Чалавек – жабрак перад Богам”

З сэрца чалавека зыходзіць маўклівы крык-просьба аб Божай міласэрнасці для ўсяго стварэння, бо чалавек – “жабрак перад Богам”, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 мая 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. Ён падкрэсліў, што малітва – гэта “подых веры” і яе найбольш уласцівы выраз. Малітва, як крык, што выходзіць з сэрца таго, хто верыць, і давярае сябе Богу.

У якасці прыкладу чалавека малітвы Папа прыгадаў сляпога жабрака Бартымея з Евангелля св. Марка (10, 46-52), які прасіў міласціну ля дарогі на ўскраіне Ерыхона. Пачуўшы, што Езус павінен прайсці тут, ён зрабіў усё магчымае, каб сустрэцца з Ім.

Францішак заўважыў, што Бартымей увайшоў на старонкі Евангелля як чалавек, што “крычыць на ўсё горла”. Ён зразумеў па шуме натоўпу, што Езус блізка, і, паколькі быў самотным і ніхто не мог дапамагчы яму, выкарыстаў “адзіную зброю, якой валодаў: голас”. Бартымей пачаў крычаць: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!”

“Яго крык, што надакучліва паўтараўся, здаваўся непрыстойным, і многія яго папракалі, загадвалі яму змоўкнуць: “Будзь прыстойным, не рабі так”. Але Бартымей не змаўкаў, а наадварот, крычаў яшчэ мацней: “Сыне Давіда, Езусе, змілуйся нада мною!”. Такая ўпартасць уласцівая тым, хто шукае ласку і стукае, стукае ў дзверы Божага сэрца. Гэты выраз: “Сыне Давіда” – вельмі важны; ён азначае – “Месія”. Гэта вызнанне веры, што выйшла з вуснаў чалавека, якім пагарджалі ўсе”

, - звярнуў увагу Папа.

Малітва Бартымея кранула сэрца Езуса, і Ён загадаў паклікаць гэтага чалавека. Жабрак устаў, а тыя, хто спачатку загадваў яму змоўкнуць, прывялі яго да Настаўніка. Езус спытаў, чаго ён хоча, і тады крык Бартымея пераўтварыўся ў просьбу: “Каб я зноў бачыў, Пане!”.

Калі Хрыстус адказаў яму: “Ідзі, вера твая ўратавала цябе”, Ён прызнаў сілу веры гэтага беднага, хворага, пагарджанага чалавека, якая прыцягнула міласэрнасць і моц Бога. Францішак прыгадаў, што фундаментам малітвы з’яўляецца пакора, прызнанне стану нашай патрэбы, прагі Бога.

“Вера, як мы ўбачылі на прыкладзе Бартымея – гэта крык; нявер’е – заглушэнне крыку, што рабілі людзі, якія загадвалі змоўкнуць і не былі людзьмі веры; заглушэнне такога крыку, гэта свайго роду “кругавая парука”. Вера з’яўляецца пратэстам супраць цяжкага стану, прычын якога не разумеем; нявер’е – гэта абмежаванне цярпеннем той сітуацыі, да якой мы прыстасаваліся. Вера – гэта надзея на збаўленне; нявер’е – прызвычаенасць да зла, якое нас прыгнятае”

, - сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на важнасць прыкладу настойлівасці Бартымея. Вакол яго былі людзі, якія казалі, што прасіць не мае сэнсу, што гэта – крык без адказу, усяго толькі стварэнне надакучлівага шуму: але ён не маўчаў і ў выніку атрымаў тое, чаго прагнуў. Пантыфік зазначыў, што ў сэрцы кожнага чалавека ёсць голас, мацнейшы за любую супрацьлеглую аргументацыю. Гэта крык, які выходзіць спантанна, пытаючыся пра сэнс нашага зямнога пілігрымавання, асабліва тады, калі знаходзімся ў цемры і просім “Езу, змілуйся нада мною!”.

“Гарызонт з’яўляецца нашмат больш шырокім: Павел сцвярджаў, што ўсё стварэнне “разам стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8,22)”, - падкрэсліў Францішак.

Усё стварэнне просіць аб канчатковым спаўненні таямніцы міласэрнасці. Моляцца не толькі хрысціяне: яны падзяляюць крык малітвы з кожным чалавекам, і гэта крык “жабрака перад Богам”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

06 мая 2020, 10:58