Пошук

Vatican News

Папа напісаў прадмову да кнігі аб жыцці ў аргентынскіх трушчобах

Не існуе такіх месцаў, якіх не можа дасягнуць прамень Божага святла, - напісаў Пантыфік у прадмове да кнігі “Каранцін” (Cuarentena) аргентынскага журналіста Альвера Мэталі.

Шэсць гадоў таму аўтар выдання перасяліўся з добрага раёна Буэнас-Айрэса ў трушчобы Ла Каркава, на ўскраіне аргентынскай сталіцы, каб далучыцца да групы мясцовых валанцёраў і святароў, якія штодзённа аказваюць дапамогу жыхарам перыферыі.

Кніга “Каранцін” была напісана ім у форме дзённіка, які апісвае жыццё насельніцтва трушчобаў у перыяд пандэміі каронавіруса. Мэталі паказаў няшчасці і радасці людзей, пазбаўленых самага неабходнага для жыцця, пакутуючых ад беднасці, насілля, алкагалізму і наркотыкаў, а таксама ахвярнае служэнне іх неабыякавых суграмадзян.

У прадмове Папа перафразаваў словы з песні “La Città vecchia” італьянскага спевака Фабрыцыа дэ Андрэ, у якой гаворыцца, што “сонца добрага Бога не пасылае промні”, бо “сагравае людзей з іншых месцаў”.

“Гэта кніга, аднак, праз дар сведчання дапамагае ўбачыць, што не існуе такога месца, куды не трапляюць промні добрага Бога, што саграваюць сэрцы і асвятляюць жыццё людзей”, - падкрэсліў Святы Айцец. Пантыфік заўважыў, што важнае значэнне ў такіх сітуацыях мае не толькі сацыяльная дзейнасць Касцёла, але таксама ўмацаванне веры, якая вучыць салідарнасці і блізкасці.
 

23 мая 2020, 11:02