Пошук

Vatican News

Папа да святароў: вы не ўцяклі і не кінулі статак падчас пошасці

“Пан – гэта Той, хто нас перамяняе, карыстаецца намі як хлебам, бярэ нашае жыццё ў свае рукі, ломіць, дзеліць і раздае свайму народу”, - звярнуў увагу Пантыфік у лісце да святароў Рымскай дыяцэзіі.

Пасланне стала альтэрнатывай жывой сустрэчы і сумеснай цэлебрацыі св. Імшы Хрызма, перанесеных у гэтым годзе на больш позні час з прычыны пандэміі каронавіруса. Ліст быў абнародаваны 30 мая 2020 г., напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

“Пішу вам, таму што хачу быць больш блізкім да вас, каб суправаджаць, спагадаць і падтрымліваць ваш шлях”, - прызнаўся Папа ва ўступнай частцы паслання.

Натхненнем для разважанняў Пантыфіка паслужыў евангельскі ўрывак пра першае пасля Уваскрасення аб’яўленне Езуса сваім вучням і спасланне на іх Духа Святога (Ян 20,19-23).

Папа звярнуў увагу, што “неабходнасць сацыяльнага дыстанцыравання”, адчуванне “ўласнай уразлівасці і бездапаможнасці”, неспадзяваная страта “арыенціраў веры” набліжае нас да перажыванняў, з якімі ў свой час сутыкнулася і першая супольнасць Апосталаў: яны таксама зазналі “замкнёнасць, ізаляванне, страх і няпэўнасць”, калі на працягу пяцідзесяці дзён пасля смерці і Уваскрасення Пана прабывалі, зачыніўшыся, у Вячэрніку.

Пры гэтым, падкрэсліў Пантыфік, рэчаіснасць паказала, што “неабходнасць дыстанцыравання не з’яўляецца сінонімам адступлення ці замкнутасці ў саміх сабе”. Па яго словах, святары маюць аднолькавае з іншымі людзьмі дачыненне да пакут, болю, страт і адчаю, выкліканых пандэміяй, і засведчыў, што, убачыўшы, як “набліжаецца воўк”, яны “не ўцяклі і не кінулі статак” (пар. Ян 10,12-13).

“Можам сказаць, што мы супольна перажылі час плачу Пана: плакалі перад магілай сябра Лазара (гл. Ян 11,36), з прычыны замкнёнасці свайго народу (гл. Лк 13,14; 19,41), у цёмную ноч Гетсэманіі (гл. Мк 14,32-42; Лк 22,44)”, - напісаў Святы Айцец.

Ён падзяліўся думкай, што неспадзяванае выпрабаванне ўзяло пад сумненне “прафілактычнае грамадства, спакойнае і заўсёды гатовае да неабмежаванага спажывання”, і “выявіла адсутнасць культурнага і духоўнага імунітэту перад абліччам канфліктаў”. Пры гэтым Папа выказаў хваляванне, што, шукаючы адказу на гэты выклік, ёсць сур’ёзная рызыка “адступіць і паддацца роздумам адносна спусташэння, якое нясе с сабой пандэмія, або ўпасці ў неабмежаваны аптымізм, няздольны прыняць рэальны маштаб падзей”.

“Часы выпрабаванняў патрабуюць нашай здольнасці да распазнавання, каб выявіць спакусы, што пагражаюць загнаць нас у пастку атмасферы збянтэжанасці і разгубленасці, каб потым кінуць нас у руціну, якая перашкодзіць нашым супольнасцям сцвярджаць новае жыццё, якім нас хоча адарыць Уваскрослы Пан”

, - напісаў Францішак.

Святы Айцец запэўніў духавенства Рымскай дыяцэзіі, што “кожны час прыдатны для абвяшчэння міру, ніякія абставіны не пазбаўлены свайго благаслаўлення”.

“Скажам жа з верай і без страху: “Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка” (Рым 5,20). Не будзем баяцца складаных сцэнарыяў, якія перажываем, таму што ў іх, сярод нас, прысутны Пан; Бог заўсёды чыніў цуд прынясення багатага плёну (пар. Ян 15,5). Хрысціянская радасць нараджаецца менавіта з гэтай упэўненасці”, - заклікаў Папа.

Ён нагадаў, што менавіта вера робіць магчымым “рэалістычнае і крэатыўнае ўяўленне, здольнае адкінуць логіку паўтарэння, замяшчэння ці кансервацыі”, “запрашае зацвярджаць заўсёды новы час – час Пана”.

“Калі нябачная, маўклівая, нястрымная вірусная прысутнасць увяла нас у стан крызісу і ўзбударажыла, дазволім, каб іншая Прысутнасць, умеркаваная, паважлівая і неінвазійная, ізноў нас паклікала і навучыла не баяцца глядзець у твар рэчаіснасці”

, - заахвоціў Святы Айцец.

Францішак пажадаў святарам быць адкрытымі да даручаных ім вернікаў, фарміраваць і гартаваць свае душпастырскія сэрцы “лагоднасцю і спагадай, з пакорай і велікадушнасцю актыўнага, салідарнага, цярплівага і мужнага супрацьстаяння, якое не застаецца абыякавым, але выкрывае і выяўляе любы скептыцызм і фаталізм”.

Папа заахвоціў духавенства Рыма дазволіць, “каб Пасха, якая не ведае меж”, творча вяла іх у месцы, дзе пануюць “карупцыя і спекуляцыі”, дзе “агрэсія і насілле здаюцца адзіным выхадам”, дзе змагаюцца разам “надзея і жыццё”.

30 мая 2020, 17:43